Грамадзкі актывіст Яўген Батура без тлумачэньня быў затрыманы 23 чэрвеня на праспэкце Незалежнасьці насупраць паштамту, дзе праходзіла акцыя салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам. Супрацоўнікі ДАІ спынілі яго «БЧБ-мабіль» , машыну зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі і налепкамі, пасадзілі ў міліцэйскую машыну і адвезьлі ў Маскоўскі РУУС. Машыну пазьней апісалі, кажучы, што тая нібыта ва ўгоне.
Але 1 ліпеня машыну вярнулі, так і ня даўшы афіцыйнага вытлумачэньня.
«Няма ніякай вэрсіі, ніякіх папераў, дакумэнтаў мне не далі, — кажа Свабодзе Батура. Машына была ў Маскоўскім РУУСе, машыну проста аддалі — і ўсё. Заехаў нейкі супрацоўнік міліцыі, зь ім даехалі на маёй машыне да экспэртызы, а ён аддаў тэхпашпарт і зьехаў. Я ўжо сам аддаў машыну на экспэртызу. Паглядзелі — сказалі: зразумела, у вас там ня можа быць нічога кепскага, едзьце сабе. Экспэртыза 10 хвілін была.
Нічога не памянялася з налепкамі і сьцяжкамі. Адзінае, трэба праверыць, каб нічога не падкінулі, бо ўсялякае можа быць. Бо рэчы нібыта не варушылі, гэта адзінае, што турбуе.
Буду змагацца, хачу, каб справа дайшла да суду, бо ўсе доказы ў мяне ёсьць. Адвакат бачыў фальшывы рапарт, бачыў, што ў справе няма ніякага пратаколу канфіскацыі, нават фальшывага. Я напісаў скаргі і ў пракуратуру, і ў ГУУС — чатыры скаргі напісаў, каб патлумачылі, на якой падставе забіралі машыну, каб вінаватых пакаралі».
Акцыя «БЧБмабіль», якую ладзіць «Арт-сядзіба», пачалася 16 чэрвеня. Ахвочым прапаноўваецца ўсталяваць на машыне бел-чырвона-белыя сьцяжкі, што не забаронена ніякімі законамі і правіламі. За два тыдні прынамсі тройчы міліцыя затрымлівала ўладальнікаў «БЧБмабіляў». І калі менчука Цімафея Дранчука ў выніку аштрафавалі «за таніроўку шкла», то ў таксоўшчыка Леаніда Кулакова проста пад дзьвярыма РУУС невядомыя скралі сьцяжкі.