13 лістапада спаўняецца год, як у Парыжы адбылася сэрыя тэрактаў, у выніку якіх загінулі 130 чалавек. Амаль адначасова былі зьдзейсьненыя некалькі нападаў: выбухі каля стадыёну «Стад дэ Франс», расстрэлы ў некалькіх рэстаранах, а таксама захоп і забойства закладнікаў у канцэртнай залі «Батаклян».
Канцэрт пачаўся з хвіліны маўчаньня ў памяць аб 90 загінулых у выніку нападу. У пачатку выступу Стынг сказаў, што хацеў бы ўшанаваць памяць забітых і ўславіць жыцьцё.
«Мы не забудзем іх», – прамовіў сьпявак па-француску і выканаў знакамітую кампазыцыю «Fragile».
Прэмʼер-міністар Францыі Мануэль Вальс заявіў, што надзвычайнае становішча, уведзенае ў краіне пасьля тэрактаў год таму, хутчэй за ўсё, будзе працягнута. У інтэрвʼю ВВС Вальс сказаў, што Францыя павінна абараніць дэмакратыю напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў наступнага году.
Рэжым надзвычайнага стану быў уведзены ў краіне на паўгоду пасьля сэрыі тэрактаў, потым падоўжаны да студзеня 2017 году. Тады Вальс заявіў, што працягваць надзвычайнае становішча будуць гэтулькі разоў, колькі гэта спатрэбіцца для бясьпекі краіны.