У Віцебску трэці раз прайшлі «Барадулінкі» — літаратурна-музычны фэст у гонар народнага паэта-земляка

«Арт-Прастора», дзе ладзяцца «Барадулінкі»

Фэст у гонар народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна зазвычай праводзіцца ў Дні горада, калі Віцебск адзначае свае чарговыя ўгодкі. Сёлета яны ўжо 1043-я, і фэст «Барадулінкі» падрастае разам з родным горадам.

На думку аднаго з арганізатараў, Уладзімера Булаўскага, сучасны фармат імпрэзаў фэсту разбурае ўжо сумнаватую завядзёнку літаратурных вечарынаў:

Уладзімер Булаўскі

«Сьвята, прысьвечанае нашаму земляку, народнаму паэту Рыгору Барадуліну, увабрала ў сябе самыя разнастайныя накірункі. На пляцоўцы „Арт-Прасторы“ па вуліцы Талстога,7 адбыліся і моўныя, і літаратурныя імпрэзы, і навукова-папулярная лекцыя, і кірмаш з удзелам рамесьнікаў ды майстроў Віцебскага рэгіёну.

Арганізатары — а гэта грамадзка-культурніцкая кампанія „Будзьма беларусамі!“ і сацыяльна-культурная ўстанова „Віцебск для мяне“ — пастараліся спалучыць у адно абсалютна розныя мерапрыемствы, каб кожны наведнік змог знайсьці нешта цікавае менавіта для сябе. Выступы музыкаў, паказ дакумэнтальных фільмаў, майстар-клясы па традыцыйных танцах, пляцоўка для бук-кросынгу, віртуальнае падарожжа па Вушыччыне — усё гэта аб’яднана адной мэтай: ушанаваньню памяці дзядзькі Рыгора, які ўсё жыцьцё прысьвяціў таму, каб дапамагчы беларусам адчуць сябе сапраўднымі беларусамі».

Пазачарговыя заняткі курсаў «Мова нанова»

Некаторыя імпрэзы «Барадулінак» сталі ўжо традыцыйнымі. Так, летні кірмаш — кірмаш вырабаў маладых майстроў хэнд-мэйду, запомніўся наведнікам з самага першага фэсту. У другія «Барадулінкі» ўпершыню былі ўключаны заняткі курсаў «Мова нанова», прысьвечаныя творчасьці Барадуліна, і сёлетні фэст таксама запомніцца віцяблянам — тым, што кожнаму бліжэй.

Буккросінг – абмен кнігамі

Кава па- беларуску

Абмеркаваньне кнігі пра віцебскую мастацкую школу

Майстар-кляс па маляваньні

Кніжны гандаль