У Менску праходзіць трэцяя міжнародная канфэрэнцыя «Новая рэальнасьць: выклікі для Беларусі 2017».
Аўтарытэтныя ўдзельнікі зь Беларусі ды іншых краін абмяркоўваюць новыя тэхналягічныя трэнды: блокчэйн, крыптавалюты, штучны інтэлект ды іншыя прыкметы будучыні.
Віктар Бабарыка, банкір, філянтроп, старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку»: пра функцыі дзяржавы ў будучыні
«Найглыбейшая памылка — лічыць, што дзяржава будзе мяняцца. Зьмены адбываюцца толькі на ўзроўні індывіда. Хтосьці мяняецца, а хтосьці па-ранейшаму жыве на ўзроўні 1972 году і, фігуральна кажучы, стаіць у чарзе па каўбасу».
«Гаварыць, што ў Беларусі нічога не адбываецца — гэта, прабачце, азначае чытаць толькі „Советскую Белоруссию“».
«Анархіі ня будзе, але прынцып фармаваньня дзяржавы будзе зьменены. У функцыях дзяржавы ў будучыні застанецца кантроль за выкананьнем агульных правілаў».
Віктар Пракапеня, ІТ-прадпрымальнік, інвэстар: пра штучны інтэлект і перамогу высокіх тэхналёгій
«Мне не ўяўляецца магчымым існаваньне нейкага альгарытму, які будзе рабіць усе тыя задачы, якія можа рабіць чалавек. Але штучны інтэлект прывядзе да скасаваньня аднатыпных нудных апэрацый. Зь цягам часу большасьць простых дзеяньняў будуць рабіць альгарытмы».
«У доўгатэрміновай пэрспэктыве паляпшэньне эканамічнага дабрабыту ў сьвеце можа адбывацца толькі дзякуючы інавацыям».
«Інавацыі самі па сабе не мяняюць сьвет. Сьвет мяняюць крэатыўныя бізнэс-тэхналёгіі. Галоўная вынаходка Эдысана — ня лямпачка, а бізнэс-мадэль распаўсюджваньня электраэнэргіі».
«Сёньня ІТ-кампаніі перамагаюць астатніх таму, што ў іх новыя бізнэс-мадэлі, іншая культура, больш адкрытая для людзей і для творчасьці».
Аляксандар Сотнікаў, экспэрт у сфэры плацежных тэхналёгій: пра блокчэйн
«Мы стаім на этапе зьмены ўсёй парадыгмы. Я веру, што блокчэйн (тэхналёгія дэцэнтралізаванага і празрыстага захоўваньня дадзеных любога характару. — РС) можа зьмяніць сьвет».
«Чым файны блокчэйн? Гэта азначае, што пасярэднікі не патрэбныя. Галоўны пасярэднік у нашым жыцьці — гэта дзяржава. Банкі, вядома, будуць займацца блокчэйнам, але гэта ж „пчолы супраць мёду“. Бо шмат якія банкаўскія паслугі стануць непатрэбнымі».
«У той момант, калі ўсе ўдзельнікі рынку прымуць тэхналёгію блокчэйну, банкі, вядома, вымруць. Але яны вымруць ня толькі з гэтай прычыны».
***
Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.