У Ленінскім судзе Магілёва пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць зьняволенага праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі. Яго вінавацяць у злосным парушэньні парадку адбыцьця пакараньня ў турме № 4. За тры дні да сканчэньня трохгадовай няволі Бандарэнку пагражаюць яшчэ два гады паводле другой часткі 411 артыкула Крымінальнага кодэксу. Сваёй віны Бандарэнка не прызнае.
31 сакавіка ў Андрэя Бандарэнкі сканчаецца трохгадовы тэрмін пакараньня і ён мае быць вызвалены з-пад варты. Крымінальны ж перасьлед супраць яго, паводле праваабаронцаў, якія прыехалі на разгляд справы, ставіць пытаньне, ці будзе вызвалены Бандарэнка пасьля агучваньня выраку. Бо калі прысуд будзе абвінаваўчы, то яго абскардзяць, ён ня ўступіць у законную сілу, і асуджанага павінны вызваліць. Тым часам судзьдзя Сяргей Мазураў, як заўважылі прысутныя на працэсе, сьпяшаецца з разглядам справы.
Адміністрацыя характарызуе Бандарэнку як схільнага да захопу закладнікаў, нападу на супрацоўнікаў папраўчых калёніяў ды экстрэмісцкай дзейнасьці. Яго судзяць па трох эпізодах правапарушэньняў, якія, паводле праваабаронцы «Вясны» Тацяны Равякі, не выдаюць у асуджаным экстрэміста.
З матэрыялаў справы вынікае, што Бандарэнка ляжаў у недазволены час на ложку; перамаўляўся падчас канваяваньня зь іншым асуджаным; не зрабіў дакладу, калі ў камэру ўвайшоў супрацоўнік адміністрацыі; а сярод вырабленых ім канвэртаў знайшліся бракаваныя. За гэтыя правапарушэньні асуджанага ўжо каралі карцэрам ды вымовай, а потым завялі крымінальную справу.
«Гэтыя правапарушэньні ніяк ня могуць быць падставаю для ўзбуджэньня крымінальнай справы, — кажа Тацяна Равяка. — Зразумела, гэта робіцца дзеля таго, каб ён ня выйшаў на свабоду і ня стаў займацца тым, чым займаўся да свайго зьняволеньня — праваабарончай дзейнасьцю. Паводле 411 артыкула можна сядзець бясконца. І калі чалавек ня будзе падаваць скаргаў, то гэта будзе сьведчыць, што ён скарыўся. Андрэй жа паводзіць сябе актыўна, абскарджвае спагнаньні. І гэта паказчык таго, што ў яго баявы дух, хоць яму гэта даецца дужа цяжка — відаць па ім».
Сёньня судзьдзя Мазураў дапытваў сьведак. Іх па справе Бандарэнкі праходзіць 12. За выключэньнем былой нявольніцы турмы, зь якой нібыта перамаўляўся Бандарэнка, ды былога турэмнага кантралёра, які выйшаў на пэнсію, усе астатнія працуюць у той жа папраўчай установе.
У сваіх паказаньнях многія са сьведак блыталася і супярэчылі таму, што казалі на папярэднім сьледзтве. Тлумачылі гэта тым, што з моманту зьдзяйсьненьня асуджаным правапарушэньняў прамінула багата часу. Усе правапарушэньні па справе былі зафіксаваныя ў траўні ды верасьні 2016 году.
«Тыя правапарушэньні, якія пастаўленыя ў віну Бандарэнку, нязначныя і ня сьведчаць, што асуджаны супрацьдзеіў адміністрацыі ў зьдзяйсьненьні ёю сваіх функцыяў, — кажа праваабаронца цэнтру «Вясна» Павал Сапелка.
«Таксама мы бачым шматлікія несупадзеньні пазыцыі сьведак па тых абставінах, пры якіх Бандарэнка зьдзейсьніў нібыта дысцыплінарныя парушэньні, — працягвае праваабаронца. — Гэта дае падставы сьцьвярджаць, што перасьлед Бандарэнкі зьвязаны не са зьдзяйсьненьнем ім правапарушэньняў, а з праваабарончай дзейнасьцю Бандарэнкі, калі ён быў кіраўніком праваабарончых праектаў «Плятформа» і «Плятформа інавэйшн».
Сьведкі-турэмшчыкі казалі, што ўсе іхныя патрабаваньні да Бандарэнкі былі законныя, як і спагнаньні, накладзеныя за іх. Паводзіў сябе асуджаны з выклікам. Сам Бандарэнка казаў, што ўсе спагнаньні абскарджваў у судовым парадку і ў пракуратуры, але дамагчыся адмены не ўдалося.
У турме Андрэя Бандарэнку ўтрымлівалі ў адзіночнай камэры. У Бабруйскай калёніі, дзе ён пачаў адбываць пакараньне, яму надалі статус асуджанага, паводле турэмнай субкультуры, з абмежаваньнямі ў правах, што пагражала ягонаму здароўю і жыцьцю.
«Калі яго зрабілі так званым „адсаджаным“, то бок аднесьлі да „ніжэйшай касты“, то ён ізгой. Нават паспрабаваць у такім статусе сесьці за стол зь іншымі — за гэта ўжо могуць нават забіць», — пракамэнтаваў заяву Бандарэнкі пра пагрозы жыцьцю былі палітвязень Мікалай Статкевіч. Ён разам з жонкай Марынай Адамовіч прыехаў на суд, каб падтрымаць зьняволенага праваабаронцу.
«Адразу кідаецца ў вочы тое, што гэта спэктакль, у якім асноўныя ўдзельнікі старанна выконваюць свае ролі. Перадусім пракурор-абвінаваўца і судзьдзя, які яму падыгрывае», — выказаў свае бачаньне судовага працэсу былы судзьдзя Канстытуцыйнага Суду, заслужаны юрыст, праваабаронца Міхаіл Пастухоў.
«У дачыненьні да Бандарэнкі ўжываюць усё новыя і новыя рэпрэсіўныя захады, каб пакараць яшчэ больш, — дадаў Міхаіл Пастухоў. — Хутчэй за ўсё, можа быць элемэнтарная помста за ранейшую дзейнасьць, якая вельмі камусьці не падабалася».
Дзяржаўным абвінаваўцам на працэсе выступае супрацоўнік абласной пракуратуры Сяргей Мінаў. Трымаецца ён спакойна. Мінаў выступіў супраць хадайніцтва Бандарэнкі і ягонага адваката, каб падчас працэсу журналісты вялі фота- і відэаздымкі. Яго падтрымаў судзьдзя Сяргей Мазураў.
Судовы працэс праходзіў без эксцэсаў. Каля будынка суду знаходзіліся людзі ў цывільным. Свае пасты яны пакінулі, калі група падтрымкі Бандарэнкі і журналісты разышліся. Калі асуджанага вялі пад канвоем па калідоры суду, яго сустрэлі воплескамі. Па сканчэньні першага дня суду Бандарэнка падзякаваў за падтрымку.
«Праваабарончы цэнтар „Вясна“ лічыць 411 артыкул, па якім судзяць Бандарэнку, незаконным і неабгрунтаваным», — казаў праваабаронца Павал Сапелка па сканчэньні першага судовага дня.
«Што такое адказнасьць чалавека па гэтым артыкуле?» — запытаў ён і сам адказаў:
«Гэта адказнасьць за правапарушэньне, за якое чалавека ўжо пакаралі. Ім парушаецца важны прынцып юрыспрудэнцыі: нельга двойчы караць чалавека за адно і тое ж правапарушэньне».
Тацяна Равяка пацьвердзіла ўжо агучаную пазыцыю беларускіх праваабаронцаў: «Калі Бандарэнку вынесуць абвінаваўчы вырак, то яго абвесьцяць палітвязьнем».
«Ва ўлады было дастаткова часу, каб спыніць крымінальны перасьлед Бандарэнкі і не даводзіць справу да суду. Але мы маем тое, што маем. Усе маглі пераканацца, што з боку Бандарэнкі не было гвалтоўных дзеяньняў у няволі».