Андрэй Бандарэнка, які выйшаў на волю 31 сакавіка, заявіў, што зьбіраецца стварыць асацыяцыю праваабаронцаў Беларусі. Гэта будзе прафэсійная супольнасьць праваабаронцаў, якая не пакіне чалавека сам-насам са сваёй праблемай. Ён выказаў крытыку на адрас Праваабарончага цэнтру «Вясна».
«У нас склалася ўражаньне, што палітвязьнем прызнае толькі адна арганізацыя. Гэта „Вясна“. Гэта перакос, манапалізацыя палітычнай прасторы, і гэта не зусім карэктна і правільна. Існуе шэраг арганізацый і шэраг крытэраў, якія дазваляюць гэта рабіць. І калі ў руках адной арганізацыі аказваецца права прымаць тое ці іншае рашэньне, якое тычыцца палітзьняволеньня, пачынаюцца своеасаблівыя перакосы ў вызначэньнях».
У прыклад Андрэй Бандарэнка прывёў свой выпадак, калі пад крымінальным перасьледам ён застаўся без падтрымкі праваабаронцаў.
«У асноўным рашэньні прымаюцца „Вясной“, і хлопцы проста ня ў стане праводзіць паўнавартасны аналіз крымінальных спраў, маніторыць суды і прымаць абʼектыўныя рашэньні па тым ці іншым чалавеку. І тут неабходны ўдзел не адной „Вясны“, а адразу некалькіх арганізацый. І гэта павінна быць калегіяльнае рашэньне, а не рашэньне адной арганізацыі. Таму галоўнае, чым займуся я і чым зоймецца „Плятформа“, — гэта стварэньне асацыяцыі праваабаронцаў Беларусі».
Паводле Бандарэнкі, перамовы пра стварэньне асацыяцыі вядуцца зь некалькімі праваабарончымі структурамі. У іх будзе адзін статут, але ліквідоўвацца яны ня будуць. Найперш Бандарэнка паспрабуе абʼяднаць разрозьненыя, дробныя, сярэднія структуры.
«Наўрад ці буйных угаворыш, якія ўжо закасьцянелі ў сваіх рашэньнях, яны лічаць што яны непахісныя, у іх ёсьць падтрымка сярод эўрапейскіх структур, іх ссунуць зь мёртвай кропкі нельга. Можна. Мы іх будзем ссоўваць і дэманстраваць іх памылкі. Гэта абʼяднаньне для таго, каб стварыць прафэсійную супольнасьць праваабаронцаў, якая дазваляла б прафэсійна вырашаць пытаньні, каб чалавек не заставаўся сам-насам са сваёй праблемай. Тое, што адбылося са мной — гэта была катастрофа, справакаваная менавіта «Вясной».
Паводле Бандарэнкі, асацыяцыя абʼяднае тых, хто ня можа паўплываць на рашэньні «Вясны».
«Мы сутыкнуліся з праблемай, якая прысутнічае цяпер, і гэта тычыцца антыфашыстаў і анархістаў, калі асобныя нашы праваабарончыя арганізацыі пачынаюць казаць, што яны там нешта зрабілі. Фактычна гэтымі рашэньнямі гэтыя арганізацыі падтрымліваюць уладу ў яе рэпрэсіўных дзеяньнях. Гэта даволі цяжкі, трагічны момант, паколькі ў маіх дзеяньнях не было ніводнага дзеяньня, якое падлягае крымінальнай кары.
То бок я нікога не зьбіваў, я не прымяняў сілу. І ўрэшце, калі паўстала пытаньне, прызнаваць ці не прызнаваць мяне палітвязьнем, у перапісцы з Тацянай Равякай я сказаў: вазьміце маю крымінальную справу і прааналізуйце. На што Тацяна Равяка адказала: „А мы цябе не прызнаем“. Але крымінальная справа сфальшаваная, і каб гэта зразумець, нават ня трэба юрыстаў. А мне было сказана: „А мы цябе не прызнаем палітвязьнем“. Я зразумеў, што мы гаворым на розных мовах».
Мне казалі: цябе ж нават „Вясна“ палітвязьнем не прызнала. У цябе няма грошай, няма адваката, і будзеш сядзець
Тое, што было зь ім у калёніях, Бандарэнка назваў катаваньнямі.
«Асноўная мэта гэтых катаваньняў — адкрытая помста, якой ніхто не хаваў. Гэта было жаданьне зламаць псыхалягічна. Два з паловай гады я правёў у адзіночцы, і ўвесь час выкарыстоўвалася сытуацыя адсутнасьці падтрымкі звонку. Мне казалі: цябе ж нават „Вясна“ палітвязьнем не прызнала. У цябе няма грошай, няма адваката, і будзеш сядзець. У Бабруйску я правёў самы жорсткі час. Чатыры месяцы правёў у камэры ШЫЗА».
Таксама Андрэй Бандарэнка сказаў, што з ранейшага складу «Плятформы» ня бачыць людзей, «зь якімі можна размаўляць».
«Яны зрабілі ўсё, каб зьнішчыць „Плятформу“. Уласна кажучы, гэта, відаць, і была іх асноўная задача. Я рад, што „Плятформа“ стала штуршком для стварэньня адразу некалькіх арганізацый, якія працуюць у галіне абароны правоў зьняволеных. Якія б яны ні былі фэйкавыя, яны ўсё роўна спрабуюць нешта рабіць. Я спадзяюся, што Васіль Завадзкі і Мікалай Аўтуховіч зоймуць месца „Плятформы“, я гатовы дапамагаць. А ў тым выглядзе, як была, „Плятформы“ ўжо ня будзе. Гэта будзе іншая арганізацыя, іншы кірунак. Мы сыдзем крыху ў іншую плоскасьць, больш будзем аддаваць увагі грамадзкай дзейнасьці».
Бандарэнка выказаўся за працяг праекту грамадзянскага кантролю, які, па ягоных словах, «зьявіўся спускавым кручком для Бандарэнкі». Гэты праект моцна перашкаджаў, быў непрыемны ўладам.
«Таму „Плятформа“ жыла, жыве і будзе жыць. Юрыдычна пры дапамозе пэўных асобаў яе ліквідавалі. Але брэнд застаўся, мы нікуды ня дзеліся. Міша Жамчужны хутка будзе з намі. Таму будзем працаваць».
Паводле Бандарэнкі, ягоны прыклад паказвае, што на сёньня ў Беларусі «рэпрэсіі, якія разьвіваюцца і закранаюць асноўных удзельнікаў палітычнага працэсу, палітычнага і грамадзкага руху, сталі вычварна-радыкальнымі».
«Паколькі ўлада пачынае выкарыстоўваць не прамыя мэтады ціску, а пачынае выкарыстоўваць Крымінальны кодэкс дзеля дасягненьня сваёй мэты», — сказаў Андрэй Бандарэнка.
Андрэя Бандарэнку ў 2014 годзе прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненьні да трох грамадзян і асудзілі на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Часткова Бандарэнка прызнаў віну, але сьцьвярджаў, што пакаралі яго ў выніку правакацыі. Паводле амністыі пакараньне яму было скарочанае на год.
Зьняволенага Андрэя Бандарэнку, якому пагражалі два дадатковыя гады няволі паводле 411 артыкула Крымінальнага кодэксу, Ленінскі суд Магілёва апраўдаў 30 сакавіка. 31 сакавіка ён выйшаў на волю.
Валянцін Стэфановіч: «Тут не „Вясна“ вінаватая, а толькі ён сам»
Заявы Андрэя Бандарэнкі пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды прадстаўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч. Ён назваў закіды непрымальнымі.
«Адносна крытэраў вызначэньня палітвязьняў. Гэтыя крытэры ёсьць, яны прынятыя і распрацаваныя ня толькі „Вясной“, а з удзелам вядучых праваабарончых арганізацый і праваабаронцаў былога Савецкага Саюзу. У гэтым таксама бралі ўдзел „Вясна“, БХК і „Дом правоў чалавека“. Таму мы кіруемся гэтымі крытэрамі, якія падобныя да крытэраў „Міжнароднай амністыі“, якімі яны кіруюцца шмат дзесяцігодзьдзяў.
Тое, што мы прымаем рашэньні самі і ні з кім ня раімся, таксама не адпавядае рэчаіснасьці. Усе рашэньні аб прызнаньні асобаў палітвязьнямі прымаліся праваабарончай супольнасьцю, у тым ліку БХК.
А што тычыцца справы Бандарэнкі, дык катастрофа здарылася, і тут не „Вясна“ вінаватая, тут вінаваты толькі ён сам. Таму не „Вясну“ яму трэба тут вінаваціць.
Пазыцыя адносна гэтай справы — гэта не пазыцыя „Вясны“, а ўсёй праваабарончай супольнасьці. Некалькіх беларускіх арганізацый. Таму ніякіх новых абставінаў, каб мы зьмянілі сваю пазыцыю, няма. Нашы ацэнкі не зьмяніліся. Таму вінаваціць яму трэба не „Вясну“, а самога сябе.
Мы не выключалі, што ў турму можна трапіць па самых розных абставінах. Але тое, што ўлады былі рады яго бачыць у турме ў зьвязку зь яго папярэдняй праваабарончай дзейнасьцю, гэта таксама праўда. Таму, калі супраць яго вырашылі выкарыстаць 411 артыкул, то мы зьвязвалі гэта з помстай улады за яго папярэднія дзеяньні.
„Вясна“ нікога ня садзіць, таму не разумею, чаму яна адказная за катастрофу, якая здарылася з Бандарэнкам».
Што да ідэі Андрэя Бандарэнкі стварыць асацыяцыю, то Валянцін Стэфановіч сказаў, што «сэктар і так шчыльна каардынуе сваю дзейнасьць».