Улады Бабруйску дазволілі мітынг 25 сакавіка. Чаму актывісты адмовіліся

Аўтавакзал у Бабруйску, ілюстрацыйнае фота

Гарадзкія ўлады Бабруйску забаранілі мясцовым актывістам БХД і прафсаюзу РЭП мітынг 24 сакавіка з нагоды 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Мітынг, як піша сайт БХД, прапанавалі перанесьці з плошчы Перамогі на стадыён «Славянка» і з 12 гадзінаў 24 сакавіка на 14 гадзінаў 25 сакавіка. Але актывісты адмовіліся — замест гэтага паедуць на «Сьвята незалежнасьці» ў Менск.

Віталь Рымашэўскі, архіўнае фота

«Я быў у Бабруйску каля таго „дазволенага“ месца раней, і я хачу сказаць, што гэта зьдзек, — расказвае Свабодзе сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. — Там зямля раскіслая будзе! На гэтым стадыёне гразь, гэта ўскраіна гораду.

І тое, што дазвол далі менавіта на той час, калі вельмі шмат актывістаў паедзе ў Менск, і тое, што месца нязручнае, і тое, што дазвол дадзены ў самы апошні момант — усё гэта робіць немагчымым правядзеньне мерапрыемства ў Бабруйску 25-га. У прынцыпе, гэта ганьба бабруйскім уладам, гэты дазвол — зьнявага ў дачыненьні да стагодзьдзя БНР».

Абноўлена. Пазьней актывісткі Галіна Сьмірнова і Таісія Кабанчук вырашылі пагадзіцца на месца, вызначанае ўладамі. Яны занесьлі ў гарвыканкам новую заяўку, аднак дзень правядзеньня акцыі пакінулі ранейшым — 24 сакавіка.

Заяўніцам ужо патэлефанавалі зь міліцыі і папярэдзілі пра адказнасьць за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

На 24 сакавіка ў Бабруйску заплянаваная вечарына зь кірмашом, лекцыяй і віктарынай.

Тым часам у Горках юбілей Беларускай Народнай Рэспублікі ахвотныя могуць адзначыць ускладаньнем кветак на магілу паўстанца-каліноўца Войцеха Дамарацкага. Як піша мясцовая газэта «Узгорак» рэктар сельгасакадэміі Павел Саскевіч дазволіў на дзьве гадзіны вольны ўваход на тэрыторыю акадэмічнага дэндрапарку, дзе пахаваны студэнт земляробчага інстытуту, які загінуў у 1863 годзе. Звычайна ўваход у парк зачынены.

Афішы імпрэзаў #БНР100. Адной галерэяй