Фотагалерэя: Кантрасты прэзыдэнцкай кампаніі ў Азэрбайджане
Дзейны прэзыдэнт Ільхам Аліеў упэўнены, што пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах. На гэтай падставе ён абмежаваў свае публічныя выступы. Аліеў з жонкай Мехрыбан Аліевай прысутнічаюць на адкрыцьці Азэрбайджанскага нацыянальнага гольф-клюбу ў горадзе Губа 19 верасьня.
Публічныя выступленьні Аліева ў значнай ступені зводзяцца да разразаньня стужачкі на цырымоніях адкрыцьця грамадзкіх будынкаў, рамонт многіх зь іх аплачваў рэзэрвовы фонд прэзыдэнта. Аліеў і яго жонка на адкрыцьці новага шпіталя ў Баку 12 верасьня. Замест пацыентаў — манэкены.
Аліеў адкрывае новы будынак Антыкарупцыйнага дэпартамэнту 30 верасьня. Азэрбайджан рэгулярна ўваходзіць у сьпіс самых карумпаваных краінаў сьвету
Нават нешматлікія выступы Аліева праходзяць у ачапленьні і пільна кантралююцца. 14 жніўня Аліеў наведаў горад Ісмайлы, дзе ў студзені паліцыя гвалтоўна разагнала дэманстрантаў.
Мэхрыбан Аліева (справа) разразае стужачку на адкрыцьці дзіцячага садку ў Баку 25 верасьня. Побач зь ёй — дачка Лэйла.
Першая лэдзі Азэрбайджану адкрыла перад выбарамі сама мала 8 дзіцячых садкоў за два дні.
Аліева ў пустым пакоі дзіцячага садку ў Баку.
Кампанія апазыцыйнага кандыдата Джаміля Гасанлы. Мітынг у цэнтры Баку 22 верасьня сабраў некалькі тысяч удзельнікаў
Гасанлы (у цэнтры) выкарыстаў сваю кампанію, каб выкрыць карупцыю ва ўрадзе Аліева. Ён актыўна сустракаўся са сваімі прыхільнікамі ў гарадах і рэгіёнах Азэрбайджану. Гасанлы рыхтуецца да прамовы ў горадзе Сумгаіт 6 кастрычніка.
Сустрэчы з Гасанлы прыцягваюць багата ўдзельнікаў рознага веку. Тут ягоны малады прыхільнік у Сумгаіце з налепкай, на якой — перадвыбарчы лёзунг Гасанлы «Хопіць!»
Гасанлы, аўтарытэтны гісторык Халоднай вайны і былы дэпутат, паказаў сябе харызматычным аратарам. Ён заклікае галасаваць за тое, каб «пакласьці канец дыктатуры адной сям’і ў Азэрбайджане». Гасанлы выступае на мітынгу ў Баку 22 верасьня.
Прыхільнікі праігнаравалі паліцэйскія пагрозы ды перашкоды і прыйшлі на мітынг Гасанлы ў паўночна-заходнім горадзе Шэкі 2 кастрычніка.
Тэлевізійныя дэбаты былі хаатычнымі. Адзін з праўладных кандыдатаў, выступаючы, шпурнуў у Гасанлы бутэльку з вадой. Аліеў у дэбатах ня ўдзельнічаў. Ад ягонага імя прамаўлялі прадстаўнікі кіроўнай партыі.
Праўладны кандыдат Хафіз Гаджыеў, які кінуў бутэльку з вадой у Гасанлы, адкрыта абражаў адзінага кандыдата ад апазыцыі і назваў яго «амаральным» за тое, што той ладзіў мітынгі з грамадзянамі суседняй Армэніі.