Беларус-добраахвотнік «Правага сэктару» ў апошнім слове таксама згадаў, што добраахвотна здаў выбухоўку.
У апошнім слове на судзе беларускі добраахвотнік «Правага сэктару» Тарас Аватараў заявіў, што 26 лістапада 2015 году «дзякуючы яго дзеяньням быў прадухілены тэракт на тэрыторыі Менску».
Доказам гэтага, паводле Аватарава, ёсьць тое, што кантактная група па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны, якая, як сказаў Аватараў, працавала ў гатэлі «Эўропа», з-за гэтага нібыта пераехала ў «Прэзыдэнт-гатэль». Таксама доказам ёсьць тое, што «кіраўнікі ЛНР і ДНР больш ніколі не прыяжджалі ў Менск».
Пры гэтым Тарас Аватараў заявіў, што пра ўсе абставіны тых падзей публічна расказаць ён ня можа. Тарас Аватараў яшчэ раз нагадаў суду, што добраахвотна здаў выбухоўку, якая ў яго была, на менскім чыгуначным вакзале, і папрасіў суд «зразумець і дараваць».
Прысуд Тарасу Аватараву будзе абвешчаны 5 траўня ў 10:30.
Пракурор просіць для добраахвотніка 5 гадоў зьняволеньня за незаконныя дзеяньні са зброяй і правоз зброі празь мяжу. Адвакат мяркуе, што віна Тараса Аватарава паводле выстаўленых яму абвінавачаньняў не была даказаная, і просіць яго апраўдаць.