У адмове гаворыцца, што скаргу на пастанову Гаспадарчага суду можна падаць не пазьней як праз год пасьля ўступленьня пастановы суду ў законную сілу. Маўляў, у законны тэрмін заявы пра абскарджваньне судовай пастановы ў Генэральную пракуратуру не паступала. Мікалай Аўтуховіч кажа, што Генэральная пракуратура адказвае не па сутнасьці справы.
Справа Аўтуховіча як індывідуальнага прадпрымальніка і Юрыя Лявонава як кіраўніка фірмы «Ніка-транс» разглядалася ў 2003 годзе Вышэйшым гаспадарчым судом, а ў 2006 годзе, ужо як крымінальная, Кастрычніцкім судом Горадні.
Мікалай Аўтуховіч быў зьняволены за ўхіленьне ад выплаты падаткаў і за прадпрымальніцкую дзейнасьць без рэгістрацыі і ліцэнзіі. Асуджаны 7 ліпеня 2006 году на 3,5 года зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.
Юры Лявонаў быў асуджаны разам з Аўтуховічам нібыта за ўхіленьне ад падаткаў. Канфіскацыя маёмасьці Лявонава адбылася паводле рашэньня Вышэйшага гаспадарчага суду.
Менавіта адрозьненьне ў трактоўках па адной і той самай справе рознымі судамі, паводле Аўтуховіча, і стала прычынай напісаньня ліста Генэральнаму пракурору.
У лісьце да пракурора Аўтуховіч і Лявонаў спасылаліся на ўказ прэзыдэнта ад 29.11.2013 № 6 «Аб удасканаленьні судовай сыстэмы Рэспублікі Беларусь». Яны цытуюць словы Лукашэнкі пра неабходнасьць рэфармаваньня судовай сыстэмы:
«Вядомыя выпадкі, калі на адну і тую ж прававую сытуацыю, якая разглядалася ў агульным і гаспадарчым судах, выносілася рознае рашэньне, што недапушчальна. Таму сёньня нам сьпешна трэба прыняць аптымальнае рашэньне па актуальных і важных для дзяржавы і грамадзтва пытаньнях удасканаленьня дзейнасьці судоў», — сказаў прэзыдэнт.
Аднак у адмове, падпісанай начальнікам аддзелу нагляду за выкананьнем заканадаўства ў сфэры эканомікі А.Карпіенем, гаворыцца, што «...рашэньнем Вышэйшага гаспадарчага суду РБ ад 11.03.2004 па справе Ваўкавыскага транспартнага ЧУП „Ніка-Транс“ Аўтуховіч А.Н. (жонцы Мікалая Аўтуховіча. — РС) адмоўлена ў пазове да Міністэрства па падатках і зборах РБ аб прызнаньні несапраўдным рашэньня аб прымяненьні эканамічных санкцыяў ад 27.11.2003 году № 7-5-5/14. Рашэньне ўступіла ў сілу з моманту яго абвяшчэньня. Права і парадак яго абскарджаньня судом патлумачаныя. Сьведчаньняў аб абскарджваньні судовай пастановы ў звароце не прадстаўлена».
Далей у адказе тлумачыцца, што паводле заканадаўства пастановы судоў, якія разглядаюць эканамічныя справы, могуць быць перагледжаныя ў парадку нагляду паводле пратэсту генэральнага пракурора і ягоных намесьнікаў пры паступленьні скаргі ў парадку нагляду. Але падобных скаргаў на працягу году ў Генэральную пракуратуру не паступала.
Мікалай Аўтуховіч, камэнтуючы Свабодзе ліст з Генэральнай пракуратуры, сказаў, што атрымаў адказ не па сутнасьці.
— Як яны хітра ўсё абставілі. Я ж паслаў ім два рашэньні: гаспадарчага і агульнага судоў, і паказаў, што яны супярэчаць адно аднаму. Прасіў, каб зрабілі іх аналіз і адмянілі адно зь іх. Калі я даслаў ім пакет дакумэнтаў, яны вяртаюць мне дакумэнты з прысудам агульнага суду і кажуць, што я павінен сплаціць пошліну.
Я гэта зрабіў і даслаў ім ізноў гэтыя дакумэнты. А цяпер яны даюць мне адказ на рашэньне Гаспадарчага суду. Але я не пісаў скаргу на рашэньне гаспадарчага суду. Я прасіў правесьці праверку законнасьці прысудаў абодвух судоў, бо яны супярэчаць адзін аднаму па адной і той самай справе.
А ў Генэральнай пракуратуры зрабілі выгляд, што мяне ня чуюць. І цяпер я думаю, што дашлюць мне адказ па крымінальным прысудзе. Яны папросту ігнаруюць пастаўленыя мною пытаньні, каб не адказваць на іх па сутнасьці.