«Хто дазволіў ім абмяркоўваць знос нашага раёну?!»

Афіцыйны тэрмін грамадзкага абмеркаваньня сканчваецца 17 ліпеня. Пад разнастайнымі зваротамі — калектыўнымі і асабістымі — падпісаліся ўжо тысячы чалавек.

Абвесткі пра сход зьявіліся на дзьвярах пад’ездаў і ў сацыяльных сетках. Ніхто ня ведаў, хто іх разьмясьціў. Жыхар Асмалоўкі Андрэй Эзерын кажа, што пасьля пагрозы зносу ўтварылася ўжо некалькі ініцыятыўных груп, і яны ня надта скаардынаваныя паміж сабой. Але ўсе хочуць аднаго і таго ж: адмяніць ПДП і не дапусьціць зносу.

«А дзе аўтазак?», — пытаецца сталы мужчына, пабачыўшы ў двары некалькі дзесяткаў суседзяў. На сход прыйшлі старыя і малыя, зь дзецьмі на руках і ў вазочках, на роварах, з сабакамі і подпісамі супраць зносу.
«Тут ужо трэцяе пакаленьне жыве! Трэцяе!» — кажуць у грамадзе.
Сучасная Асмалоўка — гэта некалькі кварталаў забудовы канца 1940-пачатку 1950-х гадоў у самым цэнтры Менску. Шмат зеляніны і кветак, у дварах сушаць бялізну і гатуюць шашлыкі, жыхары ведаюць адно аднаго ў твар, а менчукі і турысты прыходзяць сюды замілоўвацца.

«У нас тут пад 40 старонак парушэньняў ПДП. Гэта тычыцца і гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, якія знаходзяцца каля Асмалоўкі, і транспарту, і генплянаў Менску, і экалягічных і іншых парушэньняў. Усю працу, якую магла зрабіць грамадзкая арганізацыя, мы ў межах гэтага абмеркаваньня, зрабілі. Усе подпісы  пад зваротам будуць аднесеныя заўтра ў адміністрацыю Цэнтральнага раёну», — важкі стос папераў з заўвагамі па ПДП паказваюць усім прысутным. Раздалі таксама паперкі з адрасам у інтэрнэце, дзе зварот можна падпісаць цалкам.

«Трэба па выніках грамадзкага абмеркаваньня адхіліць ПДП. Бо калі мы адхілім грамадзкае абмеркаваньне, значыць, мусіць быць другое грамадзкае абмеркаваньне ўжо з выкананьнем усіх правіл. А нам яно трэба? Абсалютна ня трэба!» — кажа адна з ініцыятарак звароту.
 

«Гэта грамадзкае абмеркаваньне чаго? Зносу нашага? Дык мы супраць зносу! Патлумач, які закон пра грамадзкае абмеркаваньне, калі я не хачу грамадзкага абмеркаваньня? Я супраць таго, каб нейкія людзі, без маёй згоды вырашалі, што тут рабіць. Я ім такога дазволу не даваў. У мяне тут уласнасьць. У мяне не барак. У мяне добрая „сталінка“, ня ў кожнага такое ёсьць», — людзям прапанавалі даць згоду на знос іхных дамоў, але не прапанавалі нічога ўзамен іх жытла.

«Памятаю, як палонныя немцы будавалі гэтыя дамы. Я ім хлеб насіў, праз дрот падаваў, — Мікалай Усеваладавіч жыве ў Асмалоўцы з 1946 году. — Ад нас нічога не залежыць. Мы старыя людзі, сярэдні кляс, бедната. Таму і робяць так з намі».

«Наш горад і так перанаселены! Адзін з самых густанаселеных гарадоў Эўропы. У 2014 годзе наш прэзыдэнт, паважаны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка сказаў, што ня будзем больш ушчыльняць горад. А нашыя ПДП толькі ўшчыльняюць!» — адзін з аргумэнтаў, якія прыводзяць людзі. Паводле новага пляну, на месцы Асмалоўкі, дзе цяпер жыве каля тысячы чалавек, будуць узьведзеныя да 91 тысяч квадратных мэтраў новага жытла.

«Зьвярніце ўвагу. Там (у ПДП) дзіцячыя садкі намаляваныя і выходзяць на гандлёвую вуліцу. Гэта проста сьмешна! Ня будзе там ніякіх садкоў, нічога ня будзе», — людзі падазраюць, што падчас грамадзкага абмеркаваньня зь іх толькі выцягваюць згоду на знос пад праект, які, на іх думку, зроблены з памылкамі і яшчэ ня мае інвэстара.

«Яны хапнулі кавалак зямлі, а пасьля перакрояць, ты ж сам ведаеш. Ім трэба факт. Грамадзкае абмеркаваньне было? Тады яны на падставе яго выносяць рашэньне пра адабраньне зямлі. І вы пазбаўляецеся ўласнасьці. Да пабачэньня! Працэс вельмі просты, і яны яго праходзяць ужо тысячны раз», — вялікага даверу да дзеяньняў уладаў людзі не выказвалі.

Тры гады таму Андрэй Эзерын (у цэнтры) пачаў гуртаваць грамаду ў Асмалоўцы. «Калі мы ўтрох пачыналі гэта ўсё, мы селі і сказалі: „Мы займаемся безнадзейнай справай. Але мы ўсё ж паспрабуем“. Сёньня ў мяне надзей больш. За тры гады мы стварылі моцную абарону Асмалоўкі».

Дзяніс Кобрусеў (зьлева) зь ініцыятывы «Генплян для менчукоў» тлумачыць, што чакае жыхароў Асмалоўкі далей:
«Першы варыянт: ПДП цалкам адхілены. Гэта дае нам магчымасьць дапрацаваць свой плян, як можа разьвівацца гэты раён без зносу. Другі варыянт: ПДП адпраўляюць на дапрацоўку. У нас таксама зьявіцца лякуна для камунікацыі з Камітэтам архітэктуры, адміністрацыяй Цэнтральнага раёну і Менсграда аб тым, каб ПДП не прадугледжваў знос. Гэта пазытыўныя варыянты».
Калі ПДП зацьвердзяць, то гэта «нэгатыўны варыянт», — кажа Дзяніс. Але пакуль што ён спадзяецца, што гэтага не адбудзецца.

«Я паезьдзіў па сьвеце, нідзе ня бачыў, каб у цэнтры гораду захавалася такая атмасфэрная забудова, зялёная, якую любяць жыхары гораду і ня толькі тыя, хто тут жыве, — кажа малады чалавек Георгі, які нарадзіўся і жыве ў Асмалоўцы. На сход ён прыйшоў з сабакам Верай. — Гэтае рашэньне нечалавечае. Яго прыняла сыстэма. І гэта сыстэмная памылка, якую людзі могуць выправіць, калі дамовяцца і пабачаць сэнс у захаваньні гісторыі нашага маленькага раёнчыку».

Жыхары менскага раёну Асмалоўка выйшлі на сход у двары.