Арганізатары шэсьця на Дзень Волі вырашылі зафіксаваць на відэа перападачу заяўкі

Аргкамітэт сьвяткаваньня Дня Волі на сваім пасяджэньні 7 студзеня вырашыў паўторна падаць заяўку на правядзеньне шэсьця ў Менску.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«Мы вырашылі паўтарыць, прадубляваць падачу заяўкі. 8 студзеня а 14-й гадзіне заяўнікі і кіраўнікі партыяў, якія ўваходзяць у аргкамітэт, з фота- і відэасуправаджэньнем, паўторна пададуць заяўку на 25 сакавіка ў тым жа самым фармаце. Адзінае, каб ва ўладаў не было падставаў казаць, што было пададзена ня ўсё, мы будзем увесь гэты працэс асабіста кантраляваць і фіксаваць на фота і відэа».

Таксама заяўнікі і кіраўнікі палітычных партыяў, якія ўваходзяць у аргкамітэт, накіруюць заўтра зварот на імя старшыні Менгарвыканкаму. Яны патрабуюць у бліжэйшыя дні правесьці неадкладную сустрэчу для абмеркаваньня фармату правядзеньня акцыі 25 сакавіка.

«Мы лічым непрымальнай тую практыку, якая склалася цягам мінулых гадоў, калі ўлады прымаюць рашэньне абсалютна без абмеркаваньня, без узгадненьня і тлумачэньня прычын адмовы ў заяўленым фармаце — і самім заяўнікам, і шырокай грамадзкасьці. Мы сёньня настойваем на адкрытым, публічным абмеркаваньні і дыялёгу. Калі Менгарвыканкам ня хоча дазваляць масавыя мерапрыемствы, то павінны прагучаць ясныя, шчырыя, адкрытыя адказы на пытаньні — чаму? А ня тыя фармальныя адпіскі, якія мы атрымліваем з году ў год».

Мы перападаём заяўку, патрабуем сустрэчы з кіраўніцтвам Менгарвыканкаму

Аляксей Янукевіч заявіў, што адзначэньне 25 сакавіка адбудзецца ў любым выпадку.

«Аргкамітэт на гэты момант вырашыў, што мы перападаём заяўку, патрабуем сустрэчы з кіраўніцтвам Менгарвыканкаму, каб прыйсьці да згоды і атрымаць магчымасьць легальна, без супрацьдзеяньня ўладаў і без пакараньня ўдзельнікаў годна правесьці ў цэнтры гораду адзначэньне гэтай важнай даты — 99-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. На сёньняшні момант мы настойваем на тым фармаце, які заяўляем».

7 лютага заяўнікам шэсьця на Дзень Волі стала вядома, што Менгарвыканкам не дазволіў яго правядзеньне, бо нібыта не былі пададзеныя ўсе неабходныя паперы і нібыта прагучалі запрашэньні на акцыю да таго, як быў атрыманы на яе дазвол.

Як арганізатары паставіліся да такога рашэньня ўладаў?

«У зьвязку з гэтым падрыхтавана адпаведная заява аргкамітэту. Мы лічым гэты факт абуральным. Ён стаў магчымым, бо ўжо шмат гадоў Менгарвыканкам ігнаруе нашы заклікі ўвесьці прынцып неадкладнай рэгістрацыі заявак. Яны гэтага ня робяць.

Фактычна гэтыя заяўкі закідваюцца некуды ў космас, і пазьней з гэтага космасу прыходзяць ці не прыходзяць нейкія сыгналы. Атрымаць яснае, пісьмовае пацьверджаньне аб тым, што заяўка атрыманая Менгарвыканкамам, фактычна немагчыма. Ёсьць варыянт дасылкі заказнымі лістамі, але і такі варыянт мы лічым непатрэбным ускладненьнем усёй працэдуры.

Мы безумоўна абураныя, бо асоба, якая непасрэдна перадавала заяўку з рук у рукі, і сябра аргкамітэту, які курыраваў арганізацыю падачы, пацьвярджаюць, што заяўка была пададзеная ў поўным абʼёме. Мы заклікаем да зьмены працэдуры падачы і прыняцьця заявак. І, самае галоўнае, — прыманьня рашэньняў па гэтых заяўках».