Як паведаміў старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, збор удзельнікаў шэсьця плянуецца а 12 гадзіне каля будынку КДБ.
Там мяркуюць запаліць зьнічы і ўскласьці кветкі, каб ушанаваць памяць ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў.
Потым шэсьце накіруецца да памятнага знаку рэпрэсаваным у парку Чалюскінцаў, дзе мае адбыцца мітынг.
Правацэнтрысты лічаць дзень кастрычніцкага перавароту 7 лістапада Днём памяці і жалобы.
«Мэта мерапрыемства: ушанаваньне памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў савецкай улады, публічнае абмеркаваньне і асуджэньне злачыннай, антычалавечай і рэпрэсіўнай сутнасьці камуністычнага рэжыму Савецкага Саюзу і рэжымаў-спадкаемцаў», — сказаў Юрась Губарэвіч.
Ён дадаў, што акцыя пройдзе зь беларускай нацыянальнай сымболікай.
Раней ініцыятары шэсьця заклікалі прынесьці з сабой партрэты рэпрэсаваных сваякоў.