Апошні званок для Вялікіх Лётцаў. У вёсцы зачыняюць школу і дзіцячы дом. ФОТА

30 траўня — дзень апошніх званкоў. Для базавай школы, якая месьціцца ў вёсцы Вялікія Лётцы Віцебскага раёну, гэты званок быў ва ўсіх сэнсах апошні: школу зачыняюць. А разам зь ёй — і Вялікалятчанскі дзіцячы дом, выхаванцы якога пераважна й былі тут вучнямі. Які лёс чакае дзяцей, пэдагогаў і саму вёску?

Дзіцячы дом

Выхаванцаў — у іншыя дзіцячыя дамы, настаўнікі застануцца бяз працы

Дзіцячы дом, які сёлета вырашана зачыніць, — адзін з самых буйных у Беларусі: у ім 84 выхаванцы. Тут практыкуюць сямейнае выхаваньне: ёсьць рознаўзроставыя групы-«сем’і», скамплектаваныя такім чынам, каб родныя браты і сёстры гадаваліся разам. Сёньня групаў-«сем’яў» тут 7, у кожнай па два выхавальнікі, мужчына і жанчына.

Напярэдадні апошняга званка дзевяціклясьніца Караліна Тамашэвіч усю ноч праплакала — баіцца, што пасьля расфармаваньня дзіцячага дому яны з братамі пагубляюцца.

Караліна Тамашэвіч

«У мяне два брацікі, аднаму 10 год, другому 13. Мне сказалі, што старэйшага зь іх могуць аддаць у прыёмную сям’ю, а малодшага — у Аршанскі дзіцячы дом. Я хачу паступаць у вучэльню ў Віцебску, адтуль да Воршы далёка, і я не змагу часта туды езьдзіць. А калі іх разьдзеляць, то і зусім будзе жах!» — кажа Караліна.

Выхаванцы штолета езьдзяць на аздараўленьне ў Італію, і ў гэтым жніўні 10 дзяцей ужо ня вернуцца на радзіму — застануцца з прыёмнымі замежнымі бацькамі. У раённым аддзеле адукацыі плянуюць, што 40–45 чалавек разьмяркуюць па іншых дзіцячых дамах, астатнія пойдуць у прыёмныя сем’і. Але псыхоляг дзіцячага дому Натальля Пузака мае пэўныя сумневы, што так яно і здарыцца.

Псыхоляг Натальля Пузака

«У нас вялікая колькасьць „дарослых“ дзяцей, а ў прыёмныя сем’і бяруць пераважна маленькіх. Дый самі дзеці не захочуць ісьці да чужых людзей. Таму найверагодней, што большасьць зь іх чакаюць іншыя дзіцячыя дамы. А навошта так рабіць: зачыняць наш вялікі дзіцячы дом, а выхаванцаў разьмяркоўваць па малакамплектных, якія з натуральных прычын на мяжы закрыцьця?» — кажа спадарыня Натальля.

Яна лічыць, што так абысьціся зь дзецьмі, якія ўжо перажылі адну страту — страту родных бацькоў — надта жорстка, бо выхаванцы прызвычаіліся да жыцьця ў гэтым калектыве.

Але пацярпяць у гэтай сытуацыі ня толькі дзеці: 60 супрацоўнікаў дзіцячага дому — патэнцыйныя беспрацоўныя. Калі гаворка пра закрыцьцё зайшла ўпершыню, то ўсіх абяцалі ўладкаваць. А калі прынесьлі сьпіс вакансій, высьветлілася, што яны або ўжо пазайманыя, або з працай на палову ці нават чвэрць стаўкі.

Зьнікне школа — і вёска трапіць у яшчэ большы заняпад

Апошні званок

Тая самая сытуацыя — і з настаўнікамі Вялікалятчанскай школы. Нічога ня ведаюць пра свае працоўныя пэрспэктывы 22 настаўнікі, 10 чалавек пэрсаналу і асабіста дырэктар Міхаіл Дук.

Ён адпрацаваў на гэтай пасадзе 10 год і паходзіць з сапраўднай мясцовай настаўніцкай дынастыі: ягоная маці Вера Пятроўна калісьці была выхаванкай тутэйшага дзіцячага дому, а зь цягам часу стала яго дырэктаркай. Намесьнікам дырэктара шмат гадоў адпрацаваў бацька спадара Міхаіла, Леанід Уладзіміравіч. Абое ўжо пэнсіянэры па ўзросьце, але працуюць і зьбіраюцца працаваць да апошняга дня існаваньня дзіцячага дому.

Дырэктар Міхаіл Дук

Міхаіл Дук кажа, што сытуацыя з закрыцьцём ягонай школы стала прадказальнай, як толькі вырашылі зачыніць дзіцячы дом.

«96% вучняў — гэта выхаванцы дзіцячага дому. Калі яго ня будзе, школу трымаць няма для каго, хоць яна ў даволі неблагім стане. Будынак 1970 году, тэрыторыя добраўпарадкаваная, і што з гэтым усім будзе, ніхто ня ведае. На маю думку, зачыняць дзіцячы дом у адзін год са школай было ня варта. Няхай бы працэс ліквідацыі ішоў паступова: штогод выпускаць выхаванцаў, а новых не набіраць», — кажа Міхаіл Дук.

Школа, якая застанецца пуставаць

Са зьнікненьнем школы і дзіцячага дома вёска Вялікія Лётцы трапіць у яшчэ большы заняпад: тут няма клюбу, ужо няма пошты, і з усіх сацыяльных аб’ектаў застанецца адна толькі крама.

Школьную маёмасьць і абсталяваньне перапіша адмысловая камісія, і ўсё, прыдатнае для далейшага выкарыстаньня, будзе разьмеркавана па іншых установах адукацыі, кажуць у райаддзеле. Што будзе з маёмасьцю дзіцячага дома, пакуль ніхто ня ведае.

Гэты дзіцячы дом лічыўся «багатым», але невядома, куды тое багацьце падзенецца

Каля дзіцячага дома рукамі выхаванцаў высаджаны вялікі яблыневы сад, шмат клюмбаў, дэкаратыўных расьлін. Каля школы — драўляныя скульптуры, «альпійская горка». Хто будзе даглядаць за ўсім гэтым?

У дзіцячым доме ёсьць сучасная кампутарная кляса, тэлевізары і добрая мэбля, трэнажэрная і спартовая залі, бібліятэка, танцавальная кляса, свой стадыён і царква, цырульня.

Дырэктарка Вера Пятроўна Дук цяпер больш хвалюецца не за лёс маёмасьці, а за душэўны стан дзяцей.

Дырэктарка дзіцячага дому Вера Пятроўна Дук

«Былыя выхаванцы часта прыяжджаюць у свой дзіцячы дом, але вы ня думайце, што прыехаць ня будзе куды. Прыяжджайце да нас, да сваіх выхавацеляў, дадому! Вы ж ведаеце, дзе мы жывём. Калі трэба будзе параіцца, заўжды прыяжджайце, бо мы — ваша сям’я, што б ні здарылася», — выступаючы на лінейцы, Вера Пятроўна плача.

Калектыў інтэрнату, каб хоць часткова пазьбегнуць скарачэньняў, прапаноўваў перапрафіляваць будынак пад дзіцячы санаторый, пансіянат для пэнсіянэраў або лячэбніцу. Прапановы не знайшлі падтрымкі.

Разам са школай зьнікне ўнікальная беларускамоўная імпрэза «Адамаўскі фэст»

«Адамаўскі фэст» — гэта традыцыйная вясновая імпрэза, якую штогод праводзяць у Вялікіх Лётцах. Фэст прысьвечаны навукоўцу-батаніку Ўладзімеру Адамаву, былую сядзібу якога і ператварылі ў Дзіцячы дом сіротаў Вялікай Айчыннай вайны ў 1946 годзе.

Міхаіл Дук у ролі навукоўца Адамава. 26 траўня 2018 году

Навуковец нарадзіўся 31 траўня 1875 году, і гэтая дата якраз прыпадае на заканчэньне навучальнага году, кажа Міхаіл Дук, заснавальнік фэсту:

«Імпрэзу мы распачыналі як камэрную — перадусім для дзяцей зь Вялікалятчанскага дзіцячага дому. Але з часам далучыліся і гараджане, якіх цікавіць экалёгія, здаровы лад жыцьця. У праграме заўжды бываюць пешыя экскурсіі па навакольлі, знаёмства з нашымі мясцовымі цікавосткамі, абавязкова бываюць канцэрты беларускіх музыкаў і прэзэнтуюцца беларускія стравы. Сёлета, шчыра сказаць, нават была думка яго не праводзіць у сувязі з апошнімі навінамі. Аднак потым вырашылі, што будзе лепей, каб адцягнуць дзяцей ад сумных думак».

Сёлета Адамаўскі фэст адбыўся 26 траўня. І без разьвітальнага настрою не абышлося: пакуль ішоў канцэрт, выхаванцы малявалі на асфальце і крэйдай пісалі словы любові перад ганкамі дзіцячага дому.

Ня будзе каму захоўваць спадчыну навукоўца з усясьветным імем

У Вялікіх Лётцах дагэтуль захаваўся будынак сядзібы Ўладзімера Адамава — той самы, зь якога пачалася гісторыя дзіцячага дому. Цяпер ён у неахайным стане: пазалетась яго набылі з аўкцыёну за адну базавую велічыню, але да рамонту так і не дайшло.

Былая сядзіба Адамава

Вяскоўцы кажуць, што сядзібны дом набывалі, каб знайсьці там схаванае багацьце. Але нічога не знайшлося, і будынак кінулі.

Між тым спадчына Ўладзімера Адамава тут на кожным кроку: у 1890 годзе ён заснаваў каля Лётцаў батанічны сад з аранжарэямі, вырасьціў тут сотні гатункаў бэзу і іншых дэкаратыўных расьлін. Саджанцы яму прывозілі на замову з Аўстрыі, Францыі, Польшчы.

Аднак у 1920-я гады навуковец мусіў пакінуць сядзібу. Дагэтуль невядома, куды зьнікла багатая бібліятэка, якая належала Адамавым. Значную частку калекцыі рэдкіх расьлін перавезьлі ў Віцебскі батанічны сад, частка загінула ў гады Другой усясьветнай вайны. Але ў Вялікіх Лётцах захаваўся незвычайны вугорскі бэз ды яшчэ колькі расьлінаў. І агромністы дуб, якому больш за дзьве сотні гадоў і які памятае самога Ўладзімера Адамава.

Пасьля закрыцьця школы дырэктар Міхаіл Дук усур’ёз разглядае пэрспэктыву сысьці з адукацыйнай сыстэмы ўвогуле. Плянаў і ідэй у яго шмат: напрыклад, у Вялікіх Лётцах можна зрабіць гадавальнік вырошчваць саджанцы па прыкладзе Адамава. Але найболей спадар Міхаіл хоча займацца краязнаўствам і разьвіцьцём турызму ў гэтым рэгіёне. На ягоную думку, гэта адзіны шлях, каб калісьці вялікая вёска канчаткова не згібела праз адсутнасьць моладзі і пэрспэктываў.

«Я больш патрэбен тут». Як моладзь з замежнымі дыплёмамі вяртаецца на радзіму

«Бярыце дзяцей!» — сям’я ружанскага пастара выхоўвае 23 прыёмных дзетак