Дырэктарка беларускай школы імя Янкі Купалы ў Рызе Ганна Іванэ атрымала ўзнагароду за «асабісты ўнёсак у прапаганду і разьвіцьцё адукацыі на беларускай мове, захаваньне культурнай спадчыны беларускага народу».
Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.
Беларуская школа ў Рызе была заснаваная ў 1994 годзе на базе дзьвюх клясаў, дзе навучалася 10 чалавек і працавала 2 настаўнікі. Гэта адзіная навучальная ўстанова ў Латвіі, дзе выкладаюць беларускую мову і літаратуру.
Школа працуе як культурна-асьветніцкі цэнтар, тут дзейнічаюць творчыя гурткі, дзіцячы ансамбль, беларускія музэй і бібліятэка. Для навучэнцаў школы арганізуюцца паездкі ў Беларусь, піша БЕЛТА.
Узнагарода была заснаваная ў 1989 годзе Вярхоўным Саветам БССР. Мэдаль Францішка Скарыны даецца за значныя дасягненьні ў культурніцкай і інтэлектуальнай дзейнасьці. Узнагароду могуць атрымліваць і замежныя грамадзяне. Ад моманту заснаваньня мэдалём Скарыны былі ўзнагароджаны 540 чалавек.