Дэпутатка Алена Анісім атрымала адказ на свой зварот да генэральнага пракурора Аляксандра Канюка аб неабходнасьці неадкладна пачаць пракурорскую праверку ў дачыненьні да дзеяньняў асобаў, якія 23 сакавіка праводзілі затрыманьне сябра сакратарыяту Таварыства беларускай мовы і грамадзкага дзеяча Алеся Лагвінца.
Сёньня спадарыня Анісім сказала Свабодзе:
«Намесьнік генпракурора Аляксандар Лашын напісаў даволі вялікі адказ. Але сутнасьць там такая, што я зьвярнулася нібыта не зусім туды. Вось фрагмэнт адказу з пракуратуры:
„У адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам прыняцьце рашэньня па паступіўшых заявах або зваротах аб злачынствах, якія зьдзейсьнілі службовыя асобы органаў унутраных спраў, адносіцца да выключнай кампэтэнцыі органаў папярэдняга сьледзтва“.
Я абмеркавала сытуацыю з Алесем. Ён сказаў мне, што спачатку параіцца зь юрыстамі, а пасьля будзем вырашаць, што рабіць далей. Таму я ўзяла невялічкую паўзу, бо хачу, каб нашы супольныя з Алесем далейшыя дзеяньні былі і ўзгодненыя, і ўзмоцненыя».
У звароце да генпракурора Алена Анісім пісала:
«23 сакавіка 2017 году ў Маскоўскім раёне Менску быў затрыманы сябра Сакратарыяту ГА „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны“, вядомы палітоляг і грамадзкі дзяяч Алесь Лагвінец. Падчас затрыманьня яго моцна зьбівалі, у выніку чаго былі нанесены шматлікія пашкоджаньні, што запатрабавала неабходнасьці выкліку „хуткай дапамогі“ непасрэдна ў будынак суду.
У сувязі з гэтым фактам неапраўданага прымяненьня фізычнай сілы, бо затрыманы не аказваў супраціву, прашу Вас неадкладна пачаць пракурорскую праверку ў дачыненьні да дзеяньняў асоб, якія праводзілі затрыманьне Алеся Лагвінца. На маю думку, такія дзеяньні падлягаюць прыцягненьню ня проста да адміністрацыйнай, але і крымінальнай адказнасьці», — напісала Алена Анісім.
23 сакавіка Алеся Лагвінца моцна зьбілі і даставілі ў суд Маскоўскага раёну. Падчас працэсу яму стала кепска, выклікалі «хуткую дапамогу», у 9-м шпіталі паставілі дыягназ: чэрапна-мазгавая траўма, шматлікія ўдары.
Тры дні Лагвінец правёў у хірургічным аддзяленьні ў шпіталі. 27 сакавіка са шпіталя яго зноў прывезьлі ў Маскоўскі суд. Сьведкі-амапаўцы казалі, што Алесь сам нанёс сабе цялесныя пашкоджаньні, калі біўся галавой аб сядзеньне аўтамабіля. Судзьдзя Віктар Казак з гэтым пагадзіўся. Лагвінец атрымаў 10 сутак арышту.