Блогера і стваральніка сайту «Рудабельская паказуха» Андрэя Павука з райцэнтру Акцябрскі, што на Гомельшчыне, не ўзялі працаваць настаўнікам біялёгіі з фармулёўкай «за деятельность».
Андрэй Павук вырашыў уладкавацца ў школу пасьля таго, як начальніца аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкаму Марыя Бабініч паведаміла, што ў Любанскай базавай школе адкрылася вакансія выкладчыка біялёгіі й хіміі. Яна сама параіла Павуку паехаць у Любань, пагутарыць з дырэктарам, каб працаўладкавацца.
«Я і паехаў, — расказвае Андрэй. — Да той Любані нейкія два дзясяткі кілямэтраў. Вядома, пэдагагічнага стажу ў мяне бракуе, раней вёў толькі гурток, але біялягічны факультэт Белдзяжунівэрсытэту завочна скончыў. Дырэктарка школы Ірына Маскальчук папярэдзіла, што будзе накіроўваць запыт у міліцыю, каб мець афіцыйны адказ, ці няма ў мяне судзімасьці — такі цяпер парадак. А мне што — накіроўвайце. Ну, і, павесялеўшы, вярнуўся дадому ў райцэнтар».
Пакуль былі канікулы, Павук чакаў. Дзятва зь Любані, дазнаўшыся пра магчымага новага біёляга, нават запыняла Андрэя: ці праўда?
Андрэй у раёне ці ня самы вядомы з маладых жыхароў. Відэаблогер і бард, ён стварыў у сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» суполку «Рудабельская паказуха», якая згуртавала больш за тысячу чалавек. Больш за тое, у Акцябрскім раёне «Рудабельская паказуха» стала своеасаблівым народным тэлебачаньнем. Некаторыя відэасюжэты, заснаваныя на рэальных падзеях, набіралі да 30 тысяч лайкаў — у два зь лішнім разы болей, чым усіх жыхароў у раёне. Андрэй Павук — аўтар гіта «Я из деревни», які прагучаў у выкананьні Ксені Дзягелькі. Стварыў Андрэй і іншы гіт — «Скарына жыў у Піцеры і кнігі друкаваў...». У верасьні 2016 году Андрэй Павук атрымаў ад «Беларускай асацыяцыі журналістаў» дыплём «За адданасьць прафэсіі».
Павук жанаты, гадуе з жонкай дваіх дзяцей. Апроч Белдзяржунівэрсытэту, ён скончыў яшчэ і тэхнікум, набыўшы спэцыяльнасьць дызайнэра мэблі. Але да нядаўняга часу зарабляў на жыцьцё прадпрымальніцтвам — арандаваў на аўтастанцыі пакой пад фатастудыю. Дамову на арэнду памяшканьня дырэкцыя нечакана скасавала, і Андрэй застаўся бяз справы. Іншага памяшканьня для студыі ў райцэнтры дагэтуль «не знаходзіцца». Таму прапанова замяніць на час дэкрэту настаўніцу біялёгіі й хіміі ў Любані была вельмі дарэчы.
«Зімовыя канікулы мінулі, а зь Любані ні слыху ні дыху, — кажа Андрэй. — Таму 9 студзеня я пайшоў праясьніць сытуацыю да начальніцы раённага аддзелу адукацыі. Марыя Міхайлаўна паказала мне надрукаваны на прынтэры ліст за подпісам васьмёх бацькоў любанскіх школьнікаў. Яны просяць не накіроўваць мяне ў школу настаўнікам, бо ў мяне няма досьведу, а яны начуліся пра маю „деятельность“. Так і напісана ў двукосьсі — „деятельность“. Начальніца разьвяла рукамі: маўляў, нічога ня зробіш — бацькі супраць. А раз супраць, то пісаць не перастануць».
На дадатак Марыя Бабініч параіла блогеру папрацаваць над уласнымі маральнымі якасьцямі, калі ён хоча працаваць у сыстэме. І вельмі бедавала, што ў «Рудабельскай паказусе» суцэльная крытыка, а станоўчых матэрыялаў і сюжэтаў, па сутнасьці, няма.