Дзіцячы рэаніматоляг Андрэй Вітушка абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Прагнастычныя фактары і прафіляктыка ўнутрашлуначкавых крывазьліцьцяў у неданошаных з масай цела менш за 1500 грам пры нараджэньні».
«Трэба часьцей даваць магчымасьць дактарам гаварыць па-беларуску», — кажа Андрэй Вітушка.
Усе 11 сябраў дысэртацыйнай рады аднагалосна прагаласавалі за абарону дысэртацыі.
«Праца была прысьвечана папярэджаньню цяжкіх пашкоджаньняў мозга ў глыбока неданошаных дзетак, якія нарадзіліся вагой менш за паўтара кіляграма. У сувязі з тым, што яны такія нясьпелыя, непадрыхтаваныя да жыцьця, часта бывае, што ў іх сасуды ў галаве не вытрымліваюць і рвуцца, і ўтвараюцца крывазьліцьці ў мозг. Гэта сур’ёзная праблема, бо яна зьяўляецца потым прычынай інваліднасьці. Драматычная сытуацыя, калі за хвіліны чалавек робіцца інвалідам на ўсё жыцьцё. Праблема актуальная ў сусьветнай пэдыятрычнай навуцы», — тлумачыць сутнасьць свайго дасьледаваньня Андрэй Вітушка.
Падчас працы над дысэртацыяй доктар дасьледаваў дзетак, якія лячыліся ў аддзяленьні рэанімацыі нованароджаных РНПЦ «Маці і дзіця». Праграма прафіляктыкі, якую распрацаваў Вітушка, прайшла выпрабаваньне ў РНПЦ і зацьверджана на ўзроўні Міністэрства аховы здароўя.
«Сваёй працай я хацеў адказаць на пытаньне, як трэба лячыць такіх дзетак, каб у іх не здараліся такія рэчы. Каб у іх былі здаровыя захаваныя галовы. І каб гэта была магчымасьць ім далей расьці і разьвівацца», — распавядае ён.
Вітушка, які камунікуе са сваімі пацыентамі і калегамі па-беларуску, кажа, што ніякіх праблемаў зь беларускай мовай у яго ў працы не ўзьнікае. Складаную навуковую назву патлумачыць простай мовай таксама магчыма.
«Шлуначак — гэта такая паражніна ў галаўным мозгу, — тлумачыць Андрэй. — Сам па сабе мозг неаднародны і мае свае паражніны, шлуначкі».
Праца беларускага доктара атрымала пазытыўныя водгукі ад экспэртаў з Украіны і Расеі. На самой абароне да яе таксама паставіліся вельмі прыязна.
«Дысэртацыю я абараняў па-беларуску, праблем не было, — распавядае Андрэй. — Калегі станоўча паставіліся, некаторыя задавалі пытаньні па-беларуску.
Потым у абмеркаваньні казалі, што гэта ўвогуле не пытаньне і ня нешта дзіўнае, што хтосьці ў Беларусі хоча па-беларуску размаўляць. Гэта было вельмі прыемна».
«Калі навукоўцы гатовыя ўспрымаць беларускую мову, трэба часьцей даваць ім такую магчымасьць, — упэўнены доктар, — Трэба часьцей гаварыць па-беларуску зь імі. Часам нават беларускамоўныя ў жыцьці людзі прыходзяць да доктара і пачынаюць „саромецца“ гаварыць па-беларуску. Кажуць, што доктар нібыта не зразумее, калі я скажу, што ў мяне страўнік баліць ці ныркі цягне».
На працягу шасьці месяцаў Вышэйшая атэстацыйная камісія будзе прымаць рашэньне аб наданьні Андрэю Вітушку званьня кандыдата мэдыцынскіх навук.