Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец абраны новым старшынём БАЖ.
Яго кандыдатуру на зьезьдзе БАЖ прапанавала Жанна Літвіна, якая падзячыла арганізацыі і абвясьціла пра свой сыход з пасады кіраўніка БАЖ. Іншых прапаноў на пасаду старшыні не паступіла.
Жанна Літвіна адзначыла, што хоча сысьці годна, своечасова і марыць, каб зь яе сыходам «сышлі і ўсе драматычныя моманты». Яна сказала, што гатовая застацца сябрам Рады БАЖ.
Пасьля яе выступу прысутныя ў залі ўсталі і доўга пляскалі ў ладкі.
Спадар Бастунец падзякаваў Жанне Літвіне і дэлегатам за давер. Сказаў, што курс БАЖа застанецца нязьменным. І прапанаваў у намесьнікі старшыні Сьвятлану Калінкіну, Аляксандра Старыкевіча, Аліну Суравец, Міхаіла Янчука. Абсалютная бальшыня прагаласавала за іх.
На зьезьдзе таксама прынялі стратэгічныя кірункі дзейнасьці арганізацыі на бліжэйшыя 3 гады і прэзэнтавалі новую кампанію «За права на інфармацыю».
Вострую дыскусію выклікалі папраўкі ў Кодэкс журналісцкай этыкі БАЖ. Пасьля дэбатаў дэлегаты вырашылі даручыць камісіі па этыцы працягнуць працу над папраўкамі, а ў часопісе «Абажур» арганізаваць іх абмеркаваньне.