Праваабаронцы заклікаюць спыніць неабгрунтаваны перасьлед Андрэя Бандарэнкі з боку адміністрацыі калёніі і абавязаць яе стварыць бясьпечныя ўмовы ўтрыманьня асуджанага.
«Праваабарончы цэнтар „Вясна“ расцэньвае разгорнутае цкаваньне Бандарэнкі ў калёніі як недапушчальнае і наўпрост зьвязанае зь ягонай папярэдняй праваабарончай дзейнасьцю», — кажуць праваабаронцы.
ПЦ «Вясна» зьвярнуўся да начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Рэспублікі Беларусь па пытаньні ўмоваў утрыманьня ў зьняволеньні былога кіраўніка «Плятформы інавэйшн» Андрэя Бандарэнкі.
Праваабаронцы адзначаюць, што «з пачатку адбыцьця пакараньня спачатку ў ПК-2 і пасьля — у ПК-17 узьнікла небясьпека для жыцьця і здароўя Андрэя Бандарэнкі, у сувязі з чым ён неаднаразова зьмяшчаўся ў гэтак званае бясьпечнае месца, а фактычна — у ізаляваную камэру».
«Гэта адбылося ў сувязі з патураньнем адміністрацыі калёніяў усталяваньню сярод зьняволеных нефармальных стасункаў, якія дазваляюць ствараць умовы для жорсткага, зьневажальнага абыходжаньня з асобнымі асуджанымі», — гаворыцца ў заяве.
Праваабаронцы нагадваюць начальніку Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Сяргею Дарошку, што дзяржава гарантуе абарону правоў, свабодаў і законных інтарэсаў асуджаных.
«Кіраўніцтва калёніі, замест абароны правоў зьняволенага праваабаронцы, фармальна і без уліку асаблівых умоў, створаных некаторай часткай зьняволеных для Андрэя Бандарэнкі, у адсутнасьць належнага кантролю адміністрацыі калёніі, жорстка адрэагавала на фармальнае парушэньне ім дысцыплінарных правілаў. Бандарэнка атрымаў некалькі дысцыплінарных спагнаньняў, стаў „злосным парушальнікам“ парадку адбыцьця пакараньня, у выніку чаго быў пазбаўлены права на амністыю. Больш за тое, адміністрацыя калёніі выказала намер зрабіць больш жорсткімі ўмовы яго ўтрыманьня — зьмясьціць у турму», — канстатуюць праваабаронцы.
У 2014 годзе былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн» Андрэя Бандарэнку суд прызнаў вінаватым у злосным хуліганстве і асудзіў на 3 гады зьняволеньня. Сам Бандарэнка прызнаў, што вінаваты ў ненаўмысных хуліганскіх дзеяньнях, але ня ў злосным хуліганстве. Эпізоды, якія «пацягнулі» на злоснае хуліганства, Бандарэнка назваў сфабрыкаванымі супроць яго міліцыяй з прычыны помсты.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі не прызналі Бандарэнку палітвязьнем.