«Наш Кадыраў — як ваш Лукашэнка», — былы чачэнскі амапавец 

©Shutterstock

«У Чачні стаўленьне да Кадырава гэткае ж, як да Лукашэнкі ў Беларусі. Кадырава таксама лічаць бацькам. Ён, як і Лукашэнка, трымае ўсё ў цьвёрдай руцэ. І замены Кадыраву ў Чачні няма», — кажа былы супрацоўнік чачэнскага АМАПу Аляксандар. Сябе ён лічыць патрыётам Беларусі і хацеў бы жыць на радзіме сваёй маці. Аляксандар перажыў дзьве чачэнскія вайны.

З Аляксандрам гаворым у сквэрыку ля Быхаўскага замка. Госьць з Чачні сваё прозьвішча папрасіў не называць і адмовіўся фатаграфавацца — зь меркаваньняў бясьпекі.

«Могуць нашу гутарку няправільна расцаніць», — патлумачыў ён.

Аляксандар пасьпеў агледзець занядбаны помнік архітэктуры. Адноўленыя замкавыя вежы, сказаў ён, падобныя да каменных чачэнскіх, якія здавён узводзілі ў гарах. Пабываць у старадаўняй беларускай цытадэлі Аляксандар марыў даўно.

Пакручасты шлях маці чачэнскага жыхара

«Я ў дзяцінстве як прыяжджаў у Быхаў, то гэты замак быў зачынены. Не выпадала яго наведаць. Меркаваў, што ў ім быў музэй. Цяпер пахадзіў ды падзівіўся, як будавалі раней. Сьцены тоўстыя. Непрыступныя, як у нашых вежах у гарах», — кажа Аляксандар.

У Беларусі трыццацігадовы жыхар далёкага каўкаскага краю ня быў шэсьць год. У Быхаве ён нарадзіўся. Ягоная маці беларуска, а бацька расеец, зь церскіх казакоў. Беларусь лічыць сваёй радзімай, раз-пораз прыяжджае сюды. Тут нарадзілася маці, тут жывуць родзічы па матчынай лініі.

Вежы Быхаўскага замка нагадваюць жыхару Чачні пра радзіму

«Цяпер вёска маёй маці пад радыяцыяй. Туды ня зьезьдзіш. Я ў мамы неяк пытаўся, як яна трапіла ў Чачню. Дык апавядала, што ў савецкі час была такая завядзёнка — адпраўляць студэнтаў на практыку ў іншыя краі. І яе накіравалі ў Чачню, у мясьціну, дзе шмат вінаграднікаў. Гэтак жа тры мае цёткі апынуліся ў тым жа краі.

Расейскага насельніцтва (яго называлі церскімі казакамі) там нямала. Беларускі павыходзілі замуж. Я нарадзіўся ў Беларусі, але бацькі пражылі тут год і вярнуліся ў Чачню. І да першай вайны там жылі», — згадаў пакручасты лёс сваёй маці Аляксандар.

Першая чачэнская вайна зрабіла ўцекачамі

Ад першай вайны Расеі з Чачнёй (1994–96. — РС) сям’я Аляксандра ратавалася ўцёкамі. Кажа, што ваенных дзеяньняў добра ня памятае — быў малы.

«Мы былі ўцекачамі ў Паўночнай Асэтыі, у Маздоку. Потым у Беларусь пераехалі да родзічаў маці. Яе ж бацькі тут жывуць. Два месяцы прабылі, а потым вырашылі вярнуцца на радзіму. Там застаўся наш дом. Уцякалі з Чачні ні з чым. Грошай не было, каб тут нешта набыць для жыцьця. Некаторыя мае родзічы аселі ў Беларусі. Працуюць тут. На радзіму ня хочуць вяртацца, бо прызвычаіліся да тутэйшага жыцьця. Што ім там рабіць у Чачні?»

Быхаўскі замак. Помнік архітэктуры. Госьць з Чачні застаўся ўражаны

«Першая вайна ў маім успрыняцьці пачалася незразумела як, — працягвае Аляксандар. — Многія людзі страцілі сваё жытло. Бамбавалі дужа. Кропкавых жа ўдараў не бывае. Як авіяцыя бамбавала ці артылерыя, то гінула шмат людзей. Людзі ўцякалі з родных мясьцін. Шмат хто пайшоў ваяваць».

Змагаўся з тэрарызмам і экстрэмізмам пасьля Другой чачэнскай вайны. Стаў інвалідам

Пра другую вайну ў Чачні (жнівень 1999 — 2000. — РС) суразмоўца ведае болей. Аднак выказвацца пра прычыны вайны ня стаў. Сказаў толькі, што яна пачалася зь незразумелай для яго правакацыі ў Дагестане. З наступствамі Другой чачэнскай вайны і змагаўся Аляксандар. У адстаўку яго адправілі па інваліднасьці.

У 2000 годзе, кажа ён, скончыў Астраханскую школу міліцыі і па разьмеркаваньні трапіў на радзіму. Працаваў участковым. Займаў розныя пасады.

Расейскія войскі ў Чачні. Ілюстрацыйнае фота

«Інваліднасьць атрымаў на нэрвовай глебе. Шмат было на службе стрэсавых сытуацыяў. Было дужа няпроста. Вайна адбілася на здароўі. Даводзілася ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях. Усё нэгатыўнае паволі назапашвалася і ў адзін момант стрэліла», — кажа Аляксандар.

«Даводзілася шмат лячыцца. Па санаторыях езьдзіў. Калі працаваў у міліцыі, то адпачынку не было, бо час быў цяжкі. Тых, хто прыяжджаў да нас зь іншых расейскіх рэгіёнаў у камандзіроўкі, адпраўлялі пасьля на тры месяцы на рэабілітацыю. Мы ж такой палёгкі ня мелі».

Ваявалі зь вінтоўкай Мосіна

Аляксандар быў міліцыянтам першага пасьляваеннага пакаленьня. Паводле яго, зброя ў чачэнскіх праваахоўнікаў была кепская. Бралі ў міліцыю пераважна маладых хлопцаў, якія праходзілі паскораныя курсы.

«Належнага ўзбраеньня не было. На дзесяць чалавек мелі два аўтаматы. Нават старая вінтоўка Мосіна выкарыстоўвалася. Пазьней стварылі чачэнскі АМАП.

Плякат у Грозным. сярэдзіна 2000-х. Ілюстрацыйнае фота

Пасьля сьмерці Ахмад-Хаджы Кадырава (кіраўнік чачэнскай адміністрацыі, сфармаванай пад кантролем Расеі ў 2000 годзе. У першую вайну быў абраны муфціем Чачні. Бацька цяперашняга кіраўніка рэспублікі Рамзана Кадырава. Загінуў ад тэракту ў 2004 годзе. — РС) сфармавалі полк міліцыі спэцыяльнага прызначэньня. У гэтым палку служыў і я.

Мы змагаліся з экстрэмізмам і тэрарызмам, у тым ліку ў горных раёнах. Больш за тысячу нашых хлопцаў палегла, многія сталі інвалідамі. Наш полк вялікі ўнёсак зрабіў у наладжваньне мірнага жыцьця ў Чачні».

Мірная Чачня. Стаўленьне да расейцаў пакуль без варожасьці

«Цяпер у Чачні мірнае жыцьцё. Вядзецца будаўніцтва. Усё адноўлена. Сьлядоў вайны амаль не відаць», — працягваў суразмоўца.

«Грозны адбудавалі ў кароткія тэрміны. Турыстаў шмат прыяжджае. Чачня, кажуць, разьвіваецца найхутчэй з усіх рэгіёнаў Расеі. Да нас прыяжджае шмат міністраў паглядзець на тое, як мы аднаўляем гаспадарку».

Грозны цяпер. Дзеці купаюцца ў фантане каля мячэту «Сэрца Чачні» імя Ахмата Кадырава

Аляксандар — расеец. Адказваючы на пытаньне, як ставяцца да расейцаў чачэнцы пасьля дзьвюх войнаў, настойвае, што варожасьці да іх няма.

«Напачатку варожасьць была, але цяпер яе не адчуваецца. У Чачні жыве шмат расейцаў. Яны спакойна жывуць. Злосьць сышла. У нас прынятая Канстытуцыя. Чачэнскі народ пакуль вырашыў жыць у складзе Расеі. Лідэр Чачні Рамзан Кадыраў хоча з усімі народамі сябраваць. Кажа, што хопіць для нас войнаў. Адзначае, што ваяўнічы дух чачэнцаў застаецца, але трэба паказаць, што яны могуць і будаваць, і цывілізавана разьвівацца і жыць».

Кадыраў як Лукашэнка

Кадырава Аляксандар называе — Рамзан Ахматавіч. Параўноўваючы Кадырава і Лукашэнку, знаходзіць шмат падабенстваў.

ТЭСТ: Чые словы: Кадырава ці Лукашэнкі?

«У Чачні стаўленьне да Кадырава гэткае самае, як да Лукашэнкі. Кадырава таксама ў нас лічаць бацькам. Ён, як і Лукашэнка, таксама трымае ўсё ў цьвёрдай руцэ. Гэтак жа, як Лукашэнка, стараецца, каб была дысцыпліна, парадак. У нас людзі з гарачай крывёю, і такі характар трэба трымаць у цуглях.

Рамзан Кадыраў, архіўнае фота

Замены Кадыраву ў Чачні няма. Канкурэнтаў таксама. Можа, хто падвучыцца зь ягонага атачэньня, дык тады зьявіцца. Але цяпер нікога няма. Ён адзін», — кажа Аляксандар.

«Бальшыня насельніцтва Чачні вызнае іслам. Паводле яго, людзі павінны падначальвацца правадыру. Калі будзе інакш, то ўсё ператворыцца ў хаос, — дадаў суразмоўца. — У нас такое было, калі кіраваў Чачнёй Аслан Масхадаў (прэзыдэнт Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя. Стваральнік Узброеных сіл краю. Забіты расейскімі спэцслужбамі 8 сакавіка 2005 году. — РС).

«Ён таксама быў абраны народам, і народ мусіў яго слухацца, і да гэтага імкнуўся. Аднак у Чачні было шмат вайсковых груповак. І Масхадаў, як выявілася, быў слабым кіраўніком. Групоўкі яму не падначальваліся. Займаліся рабункамі. Нафту прадавалі. І гэта прывяло да другой вайны. Непадкантрольная групоўка пайшла ў Дагестан, арганізавала там правакацыю», — выказаў меркаваньне госьць з Чачні.

Дудаева і Масхадава забываюць

Ці згадваюць у Чачні на афіцыйным узроўні Джахара Дудаева (лідэр руху 1990-х гадоў за незалежнасьць Чачні. Першы прэзыдэнт Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя (1991–1996). Забіты расейскімі спэцслужбамі 21 красавіка 1996 году. — РС) або Аслана Масхадава? — пытаюся ў суразмоўцы. Зрэдку, — адказвае той.

«У іх была магчымасьць больш станоўчага зрабіць для Чачні. Можа, ім не далі гэтага зрабіць, можа, не атрымалася. Наш цяперашні малады лідэр робіць тое, што не ўдалося ягоным папярэднікам. Зробленае трэба бачыць».

Джахар Дудаеў (зьлева) са старэйшынамі, 1991 год

Тое, што Чачня пасьля вайны хутка аднаўляецца, Аляксандар лічыць заслугай Кадырава, які, паводле яго, здолеў арганізаваць працы.

«Калі Грозны браліся аднаўляць, то казалі, што на гэта спатрэбіцца 30–40 год, і нават хацелі і не адбудоўваць яго. Ён жа ўвесь быў разбураны. Прапаноўвалі закапаць, што разьбіла вайна, а што ацалела, перавесьці ў іншае месца. Людзі, аднак, у тры зьмены працавалі: і ўдзень, і ўночы. І аднавілі сталіцу. Працы яшчэ нямала, але на зробленым не спыняюцца».

У Расеі крызіс, бо санкцыі

Гаворачы пра пэрспэктывы вырашэньня канфлікту на Данбасе, Аляксандар кажа, што там варта правесьці «сумленны рэфэрэндум». «Каб людзі самі вызначылі сваю будучыню. Або застацца ва Ўкраіне, або стаць незалежнымі. Можа, і ўвайсьці ў склад Расеі, але гэта павінна вырашыць яе кіраўніцтва, бо праблемаў у Расеі цяпер шмат праз санкцыі», — кажа ён.

У беларускім замку — таксама крызіс

«У нас жа цяпер няпростая сытуацыя. Крызіс, бо пад санкцыямі. Урад прыкладае намаганьні, каб пераадолець крызіс, каб людзі працавалі. У нас таксама ёсьць беспрацоўе. Уся ж інфраструктура вайной было разбураная, і адразу яе не адновіш.

У вас жа таксама крызіс. Заробкі невялікія. Людзі скардзяцца», — кажа Аляксандар і тут жа дадае:

Хачу жыць у Беларусі

«Але мне падабаецца Беларусь. Я тут нарадзіўся. У маім доме ў Чачні нават беларускі сьцяг вісіць. Мне яго зь Беларусі прывезьлі. Я лічу сябе патрыётам Беларусі. Калі б у мяне была б магчымасьць сюды пераехаць, уладкавацца на працу ў міліцыі, я прыносіў бы вашай краіне карысьць. У вас няма вайны. Беларусь засталася адзіным спакойным кутком на прасторах былога Савецкага Саюзу. У вас няма тэрактаў. Вы ні з кім не ваюеце. Вашы Ўзброеныя сілы ня ўдзельнічаюць у ваенных канфліктах».

Тоўстыя муры замка, пабачаныя госьцем з Чачні, яшчэ змагаюцца за сябе. Ня бурацца

Адказаўшы на роспыты, Аляксандар папрасіў журналіста, каб той апавёў яму сваё бачаньне канфлікту на Данбасе і на Ўкраіне наагул. Таксама выказаўся пра дзьве вайны ў яго на радзіме. Папрасіў патлумачыць, што адбываецца ў Беларусі. Слухаў уважліва, без палемікі.