Праваабаронцы Алене Танкачовай зноў не дазволілі датэрмінова вярнуцца ў Беларусь

Алена Танкачова

Суд Цэнтральнага раёну Менску 18 верасьня адмовіў у датэрміновым вяртаньні высланай зь Беларусі праваабаронцы Алены Танкачовай.

У ліпені праваабаронцы і сябры грамадзкіх арганізацый зьвярнуліся ў суд, каб Танкачовай дазволілі вярнуцца ў Беларусь.

Сярод заяўнікаў былі прадстаўнікі розных праваабарончых і грамадзкіх арганізацый Беларусі — юрысты Вольга Смалянка, Павал Сапелка, Андрэй Бастунец, Раіса Міхайлоўская і іншыя.

У судзе палічылі, што праваабаронцы павінны былі мець даверанасьць ад Танкачовай, каб прасіць для яе дазволу ўехаць у Беларусь.

Алена Танкачова сказала карэспандэнту Свабоды, што за два з паловай гады вымушанай разлукі з домам яна чатыры разы зьвярталася ў МУС з заявамі, каб ёй скарацілі тэрмін забароны на ўезд у Беларусь.

«Адразу пасьля першай заявы МУС папярэдзіў мяне пра крымінальную адказнасьць у выпадку, калі я парушу забарону на ўезд. І, наколькі мне вядома, увесь гэты час яны апэратыўна пэрыядычна апытваюць маіх суседзяў па менскай кватэры, зьяўлялася я там ці не», — кажа Алена Танкачова.

Калегі-праваабаронцы зьвярнуліся ў МУС і МЗС Беларусі з калектыўным зваротам аб зьняцьці забароны, якую яны лічаць праявай ціску, выкліканага ранейшай праваабарончай дзейнасьцю Алены.

«Яны атрымалі фармальны адказ, якім МУС паставіў пад сумнеў права грамадзян на зварот адносна маёй сытуацыі. Калегі абскардзілі гэты адказ МУС у судзе, каб дамагчыся адказу па сутнасьці пытаньня», — кажа праваабаронца.

Паводле Танкачовай, раней у юрыдычнай практыцы яна з калегамі не сутыкалася з такімі патрабаваньнямі.

Падчас судовага паседжаньня прадстаўніца МУС заявіла, што яе міністэрства ня ведае пра намер і жаданьне Танкачовай вярнуцца ў Беларусь.

«Гэта дзіўная, на мой погляд, заўвага, улічваючы, што я сыстэматычна зьвярталася ў МУС з просьбай пра зьняцьцё абмежаваньняў на знаходжаньне ва ўласным доме», — сказала Алена Танкачова карэспандэнту Свабоды.

Алену Танкачову выслалі зь Беларусі за нязначныя перавышэньні хуткасьці. Яна лічыць, што ўлады не даказалі, што яна асабіста кіравала аўтамабілем. Пры гэтым усе штрафы яна сплаціла.

У лістападзе 2014 году УУС Першамайскага раёну Менску прадпісала Танкачовай на працягу месяца пакінуць Беларусь і забараніла ёй наведваць краіну тры бліжэйшыя гады. Беларускія ўлады прынялі гэтае рашэньне на падставе адміністрацыйных правапарушэньняў, якія былі зьвязаныя пераважна зь перавышэньнем хуткасьці на аўтамабілі.

Страціўшы від на жыхарства, Алена Танкачова ў лютым 2015 году была выслана на тры гады зь Беларусі і цяпер жыве ў Вільні.