Алега Гулака ўключылі ў назіральную камісію пры Мінʼюсьце, якая ня можа наведваць турмы без папярэджаньня

Алег Гулак, архіўнае фота

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак уключаны ў склад Рэспубліканскай грамадзкай назіральнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі Беларусі.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Алег Гулак сказаў, што паспрабуе актывізаваць дзейнасьць гэтай камісіі.

— Згодна з пастановай Саўміна, якой яна створана, паўнамоцтвы ў камісіі ёсьць. Гэтых жа камісій некалькі, ёсьць рэспубліканская, а ёсьць абласныя. Пытаньне ў тым, як яны працуюць і што за людзі ў іх уваходзяць? Напрыклад, старшыня магілёўскай камісіі праваабаронца Сідарэнка лічыць, што камісія мае магчымасьць на нешта ўплываць. Таму будзем бачыць, як атрымаецца. Я, канечне, паспрабую актывізаваць дзейнасьць камісіі і зрабіць з гэтага нейкія вынікі. Камісія займаецца пытаньнямі пэнітэнцыярнай сыстэмы. Гэта і ўмовы ўтрыманьня, і пытаньні рэсацыялізацыі зьняволеных. І тут ёсьць над чым працаваць.

Некалькі разоў Беларускі Хэльсынскі камітэт накіроўваў заявы, каб у камісію ўключылі яго прадстаўніка. Раней увесь час адмаўлялі і толькі цяпер пагадзіліся, кажа Алег Гулак. З чым гэта можа быць зьвязана?

— Як і раней, ніхто нічога не тлумачыў. Вось прынялі рашэньне, што гэта магчыма. Можа, нехта некаму нешта хацеў прадэманстраваць. Можа, ня так шмат сяброў засталося ў камісіі, магчыма, і ў Мінʼюста ёсьць жаданьне неяк яе актывізаваць. Пабачым. Але афіцыйнай вэрсіі нам ніхто не тлумачыў.

Алег Гулак сказаў, што сёньня яму патэлефанавала старшыня камісіі і паведаміла, што на 10 жніўня рыхтуецца паездка ў гарадзенскую турму.

Павал Сапелка

Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка сказаў, што ў свой час зьвяртаўся да адной з абласных грамадзкіх камісіяў пры Мінʼюсьце адносна ўмоваў утрыманьня за кратамі Мікалая Аўтуховіча, але атрымаў на свой запыт пустую адпіску. Павал Сапелка лічыць станоўчым уключэньне старшыні БХК у рэспубліканскую камісію, але мяркуе, што яму будзе там складана.

«Па-першае, камісія — гэта калегіяльны орган. Па-другое, згодна з заканадаўствам правы і паўнамоцтвы гэтых камісій вельмі абмежаваныя. Таксама крытыкуюцца намі ўмовы іх працы. Напрыклад яны ня могуць без папярэджаньня наведваць месцы пазбаўленьня волі, ня маюць права карыстацца аўдыё- і відэапрыладамі, фотаапаратамі пры наведваньні ўстаноў. Таму час пакажа, які дасьць вынік уключэньне Гулака ў склад камісіі. Але не сумняваюся, што яму будзе складана».

На сайце Мінʼюста паведамляецца, што за тры гады камісіі наведалі больш за 30 пэнітэнцыярных устаноў. Колькасьць сяброў у камісіях варʼіруе ад 4 да 11 чалавек. У сярэднім у наведваньні ўстаноў, якія выконваюць пакараньне і іншыя меры крымінальнай адказнасьці, бяруць удзел да 4 сяброў гэтых камісій.

Рэспубліканскую камісію ачольвае Тацяна Краўчанка, старшыня Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў.