Сёньня ў «Арт-сядзібе» пройдзе выстава-прэзэнтацыя «Ад Мірона да „крымнашыстаў“» Аляксея Марачкіна. Ён адзін зь нямногіх айчынных мастакоў, які стала працуе ў жанры палітычнай сатыры. Ці мае права творца кіравацца «праўдай нябеснай супраць праўды зямной», выносячы свае прысуды? Аляксей Марачкін — госьцем перадачы.
Цытата зь перадачы
Аляксей Марачкін: Вядома ж, я магу памыляцца. Але я адчуваю, дзе ёсьць фальш, а дзе — праўда. У мяне ўвогуле адчуваньне, як быццам мы жывем у нейкім перакуленым сьвеце. Напрыклад, мы ўсе нядаўна бачылі карцінку: сынок нашага галоўнакамандуючага красаваўся ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый з бэйджыкам на грудзях. Ён там прадстаўляў беларускі народ ці што? Гэта ж гатовы сюжэт! А калісьці ў ягоным паслужным сьпісе, відаць, напішуць: у 11 гадоў прадстаўляў Беларусь у ААН... Так, некаторыя кажуць, што я хаджу па вастрыі нажа. У мяне, скажам, ёсьць твор пад красамоўнай назвай «Райхнутыя». Маляваць свастыку на фоне Крамля сёньня мала хто адважыцца. Але там ня проста свастыка. Там яна ў мяне наплывае са змрочна-карычневага фону і засланяе Крэмль. Ці ж ня так сёньня адбываецца ў Расеі? 87% насельніцтва падтрымліваюць агрэсіўную палітыку Пуціна. Фактычна там у наяўнасьці фашызм, хіба пакуль без Асьвенцымаў... Мне няма чаго баяцца. Мне ўжо 75 гадоў, і нават калі мяне з гэтай студыі выведуць пад рукі, я не баюся.