Незалежнага журналіста хочуць забраць у войска, нягледзячы на сур’ёзную хваробу
Магілёўскі журналіст Аляксандар Буракоў заяўляе, што яго хочуць забраць у войска з парушэньнем працэдураў.
Незалежны журналіст з Магілёва, які піша на праваабарончыя тэмы і быў рэдактарам онлайн-часопіса «Moloko», 24-гадовы Аляксандар Буракоў заяўляе, што яго зьбіраюцца прызваць у войска з парушэньнем належных працэдураў. Хлопец сьцьвярджае, што лекары дыягнаставалі ў яго сур’ёзную хваробу каленяў, якая раней была падставай для прызнаньня яго часова непрыдатным да службы ў войску.
Ці слушна кажа прызыўнік, высьветліць у Магілёўскім ваенкамаце не ўдалося. Кіраўнік прызыўнога аддзелу пытаньне выслухаў і паклаў слухаўку.
Па словах прызыўніка, у яго выяўлены сындром дысплязіі злучальнай тканкі, другасны рэцыдывуючы сынавіт абодвух каленных суставаў. Аляксандар заўважае, што хвароба прагрэсуе:
«На мэдычнай камісіі я дамогся, каб мяне накіравалі на абсьледаваньне ў лякарню да рэўматолягаў, каб тыя выставілі дыягназ. То бок ня я выдумаў сабе хваробу, а дыягназ выставілі падчас абсьледаваньня па лініі ваенкамату. Ваенкамат не адмаўляе, што ў мяне ёсьць хвароба, але трактуе яе па іншым артыкуле раскладу хваробаў», — апавядае Аляксандар Буракоў.
«Мяне прызналі абмежавана прыдатным да вайсковай службы. У войска мяне забяруць, але я нібыта там ня буду выконваць фізычных практыкаваньняў, нагрузак. Але як такое можа быць? Для мяне гэта дзіўна! Я аспрэчваю такую пазыцыю, але дужа цяжка спрачацца з мэдычнай камісіяй. Яна паводзіць сябе так, што нібыта ўсё ведае. Мэдыкі ж, у якіх я кансультаваўся, заяўлялі, што мая хвароба павінна стаць падставаю для прызнаньня мяне непрыдатным да службы ў мірны час. Яны дужа зьдзіўляліся, што мяне прызналі прыдатным да войска».
У катэгорыю прызыўнікоў, часова непрыдатных да вайсковай службы, кажа Аляксандар, яго ўключылі, каб паназіраць, як будзе разьвівацца хвароба.
Прызыўнік сьцьвярджае, што сёлета ў красавіку ў ваенкамаце пастанавілі, што ён прыдатны да тэрміновай вайсковай службы. Паводле ягоных зьвестак, пасяджэньня прызыўной камісіі, якая мелася прымаць такія рашэньні, не было. Акрамя таго, у выдадзеным рашэньні не было подпісу спэцыяліста, які дае рэкамэндацыі па стане здароўя прызыўнікоў. Тое, што не было пасяджэньня камісіі і няма подпісу лекара ў рашэньні, — гэта парушэньне закону, настойвае прызыўнік. Таму ён паскардзіўся ў пракуратуру Магілёва.
«Не выключаю, што нагодай для прызыву ў войска маглі стаць і палітычныя прычыны.
Я супрацоўнічаю з магілёўскімі праваабаронцамі. Раней мной цікавіліся супрацоўнікі КДБ. Як пачалася сёлетняя прызыўная кампанія, я ведаю, што дырэктару лялечнага тэатру, у якім я цяпер працую, званілі нейкія людзі і казалі, што абавязкова мяне сёлета забяруць у войска», — дадае Аляксандар.
Служыць ён ня супраць, але пры ўмове, што яго забяруць у войска законна. Але і ў гэтым выпадку ён адмаўляецца прымаць прысягу.
«Я не лічу нашага галоўнакамандуючага і прэзыдэнта легітымным пасьля рэфэрэндумаў і прэзыдэнцкіх выбараў, вынікі якіх не прызнаныя АБСЭ. Зразумела, усе ягоныя загады падначаленым для мяне незаконныя. Калі будзе альтэрнатыўная цывільная служба і я буду прыдатны да яе, то гатовы служыць. На гэты момант я перакананы, што ёсьць хібы ў працы прызыўной камісіі. Я дамагаюся, каб іх выправілі», — тлумачыць сваю пазыцыю Аляксандар Буракоў.
Сваю нязгоду з магчымым прызывам у войска Аляксандар таксама выклаў у скаргах у Магілёўскія гарадзкую і абласную прызыўныя камісіі.
Аляксандру Буракову 24 гады. Ён скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова, выпускнік магістратуры гістарычнага факультэту.
Сынавіт суставаў — запаленьне сынавіяльнай (унутранай) абалонкі, якая пакрывае поласьць сустава. Падчас запаленчага працэсу ўтвараецца выпат — вадкасьць, якая зьбіраецца ў сумцы сустава. Калі пранікае інфэкцыя, выпат ператвараецца ў гной, і пачынае разьвівацца гнойны сынавіт. Найчасьцей запаленьне паражае каленны сустаў, бо ён атрымлівае вялікія нагрузкі.
Для хворых існуюць пэўныя прэпараты, якія падтрымліваюць суставы. Акрамя таго, хворыя павінны быць пад наглядам лекараў.