Актывістку, якую «здаў» сусед, аштрафавалі на 6,3 мільёна рублёў

Галіна Лагацкая ў судзе

Судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Вікторыя Шабуня аштрафавала на 30 базавых велічынь (6,3 мільёна рублёў) мянчанку Галіну Лагацкую. Суд прызнаў Лагацкую вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся 22 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Справа Лагацкай набыла рэзананс пасьля таго, як стала вядома, што на яе падаў заяву ў міліцыю сусед. Спадар Мілевіч прасіў прыцягнуць Лагацкую да адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Сусед убачыў фота Галіны Лагацкай з плякатам «Прадпрымальнікі сумленныя, а ўлада бандыцкая» ў інтэрнэце і палічыў сябе пакрыўджаным.

«Без камэнтару», — потым адказаў спадар Мілевіч журналісту на пытаньне, ці не кіраваўся ён у сваіх дзеяньнях меркаваньнямі помсты.

Галіна Лагацкая мяркуе, што сусед напісаў на яе заяву з-за ранейшага канфлікту наконт памяшканьня для вазкоў на пляцоўцы, дзе ён жыве. У суд Мілевіч не прыйшоў.

Галіна Лагацкая прызнала ў судзе, што сьвядома прыйшла на Кастрычніцкую плошчу, каб выявіць салідарнасьць з прадпрымальнікамі, але ня брала ў мітынгу актыўнага ўдзелу, як напісаў у сваёй заяве спадар Мілевіч.

Сьведка Леанід Кулакоў распавёў суду, што сам зрабіў плякат «Прадпрымальнікі сумленныя, а ўлада бандыцкая» і сам трымаў яго падчас мітынгу. Паводле сьведкі, ён часова перадаў плякат Лагацкай, калі на нядоўгі час сыходзіў з плошчы. «Калі трэба кагосьці пакараць за гэты плякат, дык пакарайце мяне», — прапаноўваў Леанід Кулакоў суду.

Адвакат прасіла суд пры магчымым пакараньні Лагацкай улічыць, што яе падабаронная ня мае прыбыткаў, бо не атрымлівае пэнсіі па ўзросьце, а жыве на ўтрыманьні сваякоў.

Судзьдзя Вікторыя Шабуня пастанавіла, што Галіна Лагацкая вінаватая, і аштрафавала яе ў памеры, у якім звычайна штрафуюць вядомых апазыцыянэраў — на 6,3 мільёна рублёў.

Галіна Лагацкая зьбіраецца абскардзіць пастанову суду.