Прыватнікі ня хочуць прадаваць беларускія ровары. У чым справа?

У беларускіх «Аістаў» — дрэнная рэпутацыя, слабая «карэтка» і неканкурэнтныя кошты.

Праўду пра «Мотавела» Свабода шукала ў размовах з прадаўцамі і майстрамі ровараў.

Гэта не завод, а зборачны цэх

Калі пачытаць водгукі на «Аiст» у каталёгу onliner.by, дык цяжка знайсьці нешта сапраўды крытычнае. «Аісты» хваляць, даючы ім пяць зорак зь пяці. Дзьве хібы, на якія некаторыя зьвяртаюць увагу — слабая «карэтка» (гэта вузел ровара, які яднае сыстэму з рамай) і настолькі ломкія абады, што раварысты называюць іх «фольгавымі». У астатнім камэнтатары пагаджаюцца, што ровар каштуе сваіх грошай — 2,4 млн за самую папулярную мадэль «Aist Quest».

Такога ж меркаваньня прытрымліваецца і роварны майстар Сяргей, чыя майстэрня разьмешчана непадалёк ад Мотавелазаводу.

«Пакуль яны галаўнога болю мне не дастаўляюць, — кажа майстар — Новыя „Аісты“ коштам ад 3 мільёнаў даволі зносаўстойлівыя. Я не рэклямны агент, але магу сказаць, што там робяць нармальныя ровары».

У майстэрні прывозяць ня так шмат «Аістаў»

Зусім іначай кажуць пра «Аістаў» прыватнікі-імпартэры. Мінгандлю нядаўна абавязала іх таксама мець у продажы беларускія тавары.

«Пакуль „Аістаў“ у нас няма, але хутка зьявяцца, — кажа дырэктар буйной сеткі крамаў па продажы ровараў. — Мы б іх і ня бралі, але зьявіўся „цудоўны“ закон пра абавязковыя беларускія тавары. Чаму прыватніку дыктуюць, што прадаваць?»

Пакуль у асартыменце прыватных крамаў «Аісты» рэдка сустракаюцца

Колькі будзе «Аістаў» у гэтай краме, дырэктар яшчэ не разьлічыў. Але ён сумняецца, ці хто будзе іх купляць, бо крама арыентуецца на імпартныя амэрыканскія ровары. Тым больш калі добры «Аіст» каштуе каля 4 млн — столькі ж, колькі замежны аналяг, то, на думку дырэктара, пакупнік хутчэй абярэ імпартны ровар.

У гэтай краме «Аісты» прывозяць толькі на рамонт

«Ня можа прадавацца ў адным салёне „мэрсэдэс“ побач з „Запарожцам“, — кажа старшы кансультант крамы. — „Аіст“ у нас пытаюць не часьцей, чым раз на месяц. Пэнсіянэры шукаюць „раскладанку“, якую зручна было б на электрычцы давезьці да лецішча».

На выхадзе з крамы ўсё ж такі заўважаем адзін дзіцячы «Аіст». Аднак ён не прадаецца. Бацькі занесьлі ровар, каб памяняць ручкі тармазоў. Стандартныя былі з плястыку і хутка паламаліся. Замест «родных» майстар усталёўвае ручкі Shimano, якія каштуюць 305 тысяч рублёў — 30% кошту самога ровара.

Плястыкавая ручка справа, мэталічная — зьлева

«Такі „добры“ ровар, што яго нават дзіцё змагло зламаць. А гэта ж бясьпека дзяцей! Вось уявіце, што ваша дзіцё едзе, а перад ім машына. Яно націскае на тармазы, а яны не спрацоўваюць. Вось такая гэта птушка — наш „Аіст“».

Дырэктар зьвяртае ўвагу, што казаць пра «Аіст» як пра беларускі ровар не зусім карэктна, бо ўсё, апроч рамаў, — імпартнае.

«Гэта ж не завод, а зборачны цэх!» — кажа ён пра «Мотавела».

Дай бог, каб на пару сэзонаў хапіла

У фірмовай краме «Мотавела», у адрозьненьне ад прыватнай, поўна людзей у чарзе. Многія стаяць па дэталі, але адзін хлопец пры нас набыў горны «Аіст».

«Іх тут недзе палова, „Аістаў“, — кажа кансультант. — Яшчэ палова ровараў — гэта замежныя брэнды, якія мы таксама прадаём».

Аднак на вітрыне «Аістаў» амаль ня бачна. Замежных мадэляў у разы больш, чым беларускіх.

Большасьць ровараў — не беларускія

Іншы кансультант пацьвярджае попыт на «Аісты». Аднак ён лічыць, што пакупнікі нашых ровараў кіруюцца ў першую чаргу коштам.

«Калі ровар каштуе два мільёны зь нечым, ён адпрацуе свае грошы, ня болей. Дай бог, каб хапіла на пару сэзонаў без паломак».

Паводле ягоных слоў, беларускія ровары купляюць або дзядулі, што памятаюць старыя «Аісты», якія праслужылі ім 30-50 гадоў, або тыя, хто ашчаджае грошы на добры ровар.

Пры гэтым наладчык-кансультант сумняецца, што новы «Аіст» праслужыць гаспадарам столькі ж, колькі стары. Нізкі кошт забясьпечваецца таннымі, а таму ня самымі якаснымі камплектуючымі.

«Пэрыядычна здараюцца паломкі. Яшчэ вялікае пытаньне ёсьць да зборкі на заводзе, пасьля якой ледзь ня кожны ровар трэба наноў рэгуляваць. Ну, і карэткі ва ўсіх слабыя. Адзін вось нават да прахадной не даехаў».