«Нас называюць „лукашэнкаўцамі“ і не прызнаюць», — афіцыйны Саюз палякаў пра магчымае абʼяднаньне зь неафіцыйным

Галоўная сядзіба Саюзу палякаў у Горадні

Галоўная Рада не прызнаванага афіцыйным Менскам Саюзу палякаў Беларусі абвяргае магчымасьць абʼяднаньня з СПБ пад кіраўніцтвам Мечыслава Лысага. Кіраўнік Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі праўладнага Саюзу палякаў Казімір Знайдзінскі кажа, што іх арганізацыя ўжо ня раз працягвала руку для абʼяднаньня, але з гэтага нічога не выходзіць.

Пра магчымасьць абʼяднаньня двух саюзаў паінфармавала польская прэса. Уплывовая штодзённая газэта «Rzeczpospolita» паведаміла, што ўрады Беларусі і Польшчы распрацавалі закулісны сцэнар урэгуляваньня праблемы польскай меншасьці ў Беларусі. Паводле газэты, абʼяднаць абедзьве арганізацыі плянуецца пад адной назвай. Пасьля гэтага, нібыта, яна б працавала згодна зь беларускім заканадаўствам.

Галоўная Рада непрызнаванага Саюзу палякаў на чале зь Мечыславам Яськевічам заявіла рашучы пратэст з гэтае нагоды. Зацьверджаны адмысловы зварот, у якім чальцы Галоўнай рады просяць афіцыйную Варшаву не пагаджацца са сцэнарам абʼяднаньня, а таксама называюць праўладны СПБ «марыянэткавым».

Старшыня Саюзу палякаў Мечыслаў Яськевіч заявіў Свабодзе, што гэта ня першае пацьверджаньне таго, што іх арганізацыя ня пойдзе на перамовы з афіцыйным СПБ. Паводле яго, яшчэ ў 2008 годзе, калі рабіліся спробы прымірыць абодва саюзы, чальцы іх Галоўнай Рады дакладна заявілі, што ня пойдуць на супрацу з афіцыйным саюзам, і цяпер яны зноў гэта пацьвердзілі.

Мечыслаў Яськевіч

«Там няма з кім размаўляць, бо там насамрэч няма ніякай арганізацыі. Дом на вуліцы Дзяржынскага, у якім знаходзіцца галоўная сядзіба арганізацыі, — пусты, засталася на ім толькі адна шыльда. І дзейнасьці зь іх боку таксама ніякай няма. Таму з тымі, каго не існуе, няма як і размаўляць. Мы гатовыя размаўляць зь беларускімі ўладамі на прадмет легалізацыі нашае арганізацыі. Пакуль мы не атрымлівалі такіх сыгналаў з боку беларускіх уладаў, але добра разумеем, што ўсе нашы праблемы можна вырашыць толькі шляхам перамоваў. Мы гатовыя да перамоваў з уладамі, але нават ня будзем абмяркоўваць зь імі пытаньне пра абʼяднаньне зь неіснуючым Саюзам палякаў», — сказаў Мечыслаў Яськевіч.

Старшыня прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Мечыслаў Лысы цяпер знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Свабода зьвярнулася да старшыні Гарадзенскай арганізацыі прызнаванага Саюзу палякаў Казіміра Знайдзінскага з просьбай пракамэнтаваць публікацыі ў польскай прэсе.

Паводле Знайдзінскага, афіцыйны Саюз палякаў ужо неаднойчы прыкладаў намаганьні дзеля таго, каб абʼяднаць дзьве арганізацыі ў адну, сесьці за круглы стол і вырашыць паміж сабой усе праблемы.

Казімір Знайдзінскі

«Але паколькі яны называюць нас „лукашэнкаўцамі“ і не прызнаюць, то нічога не атрымалася. Усе фінансавыя патокі з Польшчы скіраваныя ў іх арганізацыю, і гэта іх задавальняе, і нічога яны ня хочуць мяняць. Таму мы — легітымны Саюз палякаў, а гэта польская традыцыя, культура, фэсты, спартыўныя спаборніцтвы. У нашых мерапрыемствах бяруць удзел тысячы палякаў. А дзе бачныя іх справы? Нягледзячы на ўсё, мы працягваем ім руку для абʼяднаньня, але тыя людзі абліваюць брудам і нас, і Беларусь, што вельмі некарэктна», — кажа Казімір Знайдзінскі.

Знайдзінскі дадаў, што іх грамадзкая арганізацыя перажывае цяпер ня лепшыя часы, бо практычна ня мае ніякага фінансаваньня:

«У гарадзкой арганізацыі ёсьць каля 80 актывістаў, якія шмат дапамагаюць, і мы арганізоўваем рознага кшталту польскія мерапрыемствы, адзначаем сьвяты, ладзім канцэрты, утрымліваем наш Польскі дом. Цяпер, дзеля таго каб яго ўтрымаць, даводзіцца некалькі пакояў здаваць у арэнду. Тая група людзей, што ў альтэрнатыўным Саюзе, гэтага нават не разумее. Але калі яны думаюць, што мы ня зможам існаваць, то гэта дарма. А што датычыць нашага абʼяднаньня, то, думаю, усё залежыць ад „Вспульноты польскай“. Калі там прымуць такое рашэньне, то нікуды і яны ня дзенуцца».

Праблемы Саюзу палякаў Беларусі пачаліся пасьля VI зьезду ў 2005 годзе. Зьезд абраў на старшыню арганізацыі Анжаліку Борыс, але ўлады анулявалі гэты выбар. Ад таго часу арганізацыя дзейнічае напаўпадпольна.