«Заўжды быў упэўнены, што цэнтар Эўропы — гэта Швэйцарыя. Але не, ён тут, у Вільні й Менску». Швэйцарскі праграміст кінуў працу, аб’ехаў 30 краін Эўропы й на месяц затрымаўся ў Беларусі. Пра тое, што яго вабіць у адной з самых невядомых краінаў Эўропы, ён распавёў Свабодзе.
«Хацеў вырвацца з Базэлю й працы праграміста»
Яшчэ паўгода таму 31-гадовы Адрыян Самэлі быў пасьпяховым праграмістам у Базэлі, трэцім па велічыні горадзе Швэйцарыі. Адпрацаваўшы 10 гадоў у адной кампаніі, ён паспрабаваў сябе амаль на ўсіх пасадах, стварыў асобны аддзел, які ўзначальваў апошнім часам.
Але раптам ён вырашыў прыпыніць сваю кар’еру й адправіцца ў доўгае падарожжа па Ўсходняй Эўропе.
«Гэта не зусім адпачынак, бо ў мяне больш няма працы, — кажа Адрыян. — І гэта не зусім падарожжа, бо мяне цікавяць ня толькі славутасьці. Я хацеў вырвацца з гораду, дзе я вырас і пражыў усё жыцьцё, са сваёй звычайнай працы».
Сваё 6-месячнае падарожжа ён называе творчым адпачынкам. Пасьля наведваньня кожнага гораду Адрыян піша кароткую нататку пра яго ў сваім блогу. У будучыні ён бы хацеў, каб гэты блог ператварыўся ў вялікую базу дадзеных для падарожнікаў.
«Я хачу задакумэнтаваць, што я раблю. Можа, мой блог натхніць кагосьці на падарожжа, на развагі пра сваё месца на Зямлі».
Шукаць сваё месца на Зямлі Адрыян вырашыў менавіта ва Ўсходняй Эўропе. Да гэтага падарожжа, ён быў толькі ў трох краінах на ўсход ад Швэйцарыі: Аўстрыі, Грэцыі й Турцыі. Выехаўшы на сваёй машыне з Базэлю 25 ліпеня, ён за пяць месяцаў аб’ехаў усе краіны ад Аўстрыі да Расеі, і ад Грэцыі да Швэцыі. Атрымалася 30 краінаў і 20 тысяч кілямэтраў.
«Я ажыцьцявіў сваю мару», — кажа Адрыян.
«Нават пра Малдову я ведаў больш, чым пра Беларусь»
Чалавек з матэматычным складам розуму, Адрыян загадзя сплянаваў сваё падарожжа. Каб пасьпець аб’ехаць палову кантынэнту да халадоў, ён вырашыў праводзіць ня больш за 3 дні ў адным горадзе. Толькі пару разоў ён зрабіў выключэньне з гэтага правіла. Больш за ўсё часу ён правёў у Беларусі.
«Гэта была адзіная белая пляма на мапе Эўропы, таму я так доўга тут быў, — тлумачыць Адрыян. — Нават пра Малдову я ведаў больш, чым пра Беларусь».
Беларусь ён называе цэлым сьветам унутры сьвету. Нават літоўцы, зь якімі ён размаўляў, ня маюць ўяўленьня, як выглядае жыцьцё ў Беларусі.
Першы раз Адрыян правёў тут два тыдні ў кастрычніку. Потым ён накіраваўся далей на поўдзень, аб’ехаў Балканы, і вярнуўся ў Менск на цэлы месяц.
«Самая важная асаблівасьць Беларусі — ізаляванасьць людзей. Эўропа ўсё больш зьмешваецца, гарады там становяцца падобнымі адзін да аднаго. А ў Беларусі вельмі мала замежнікаў, і гэта ўплывае на тое, як паводзяць сябе мясцовыя».
Што адразу кідаецца ў вочы госьцю, гэта правільнасьць паводзінаў беларусаў, напрыклад, тое, як яны чакаюць зялёнага сыгналу сьветлафору. Такога няма больш нідзе ў Эўропе, кажа Адрыян.
Яшчэ адна дзіўная рэч наконт Беларусі — адсутнасьць зразумелай рэклямы на вуліцы. Калі б не мясцовыя, ён бы ніколі ня сьцяміў, што на другім паверсе гандлёвага дому «На Нямізе» ў Менску ёсьць харчовая крама. З вуліцы да гэтай крамы не вядзе ніводзін указальнік.
«А яшчэ ў вашых крамах прыгожа дэкараваныя вокны. Але ўражаньне, што іх упрыгожваюць, каб гэтым радаваць вока мінакоў, а не каб завабіць кліентаў. Гэта такі анты-канс’юмэрызм, які мне падабаецца».
У вас ёсьць урбаністычныя раёны, але заводы там дагэтуль працуюць
Найбольшае ўражаньне на Адрыяна зрабіла вуліца Кастрычніцкая ў Менску, дзе сярод заводзкіх будынкаў за апошнія гады адкрыліся кавярні, бары, каворкінгі й арт-прасторы. Гэта робіць Менск падобным да буйных швэйцарскіх гарадоў, да сусьветных мэгаполісаў.
«Такое можа быць у Нью-Ёрку, Лёндане ці Бэрліне. Гэта вельмі ўрбаністычная тэрыторыя, дзе ўначы зьмяняюцца шыльды й пачынаецца іншае жыцьцё».
Што адрозьнівае менскі ўрбаністычны раён ад іншых, дык гэта заводы, якія дагэтуль працуюць. Таксама, акрамя Кастрычніцкай, іншых індустрыяльных раёнаў, якія абжываюцца гараджанамі, пакуль няма.
«У астатнім Менск — вельмі арганізаваны горад. Я б сказаў, самы чысты й правільны сярод усіх краін, што акаляюць Беларусь».
Нават выбары прэзыдэнта, якія засьпеў Адрыян, не зьмянілі парадку ў Менску. Яго зьдзівіла, што анансаваліся толькі самі выбары, але партрэтаў кандыдатаў ён амаль ня бачыў.
«Пра вашыя выбары я знайшоў толькі пару артыкулаў у заходняй прэсе. І нават у Менску акрамя прыгожых плякатаў з датай выбараў, ніякай інфармацыі пра кандыдатаў не было. Як грамадзяніну, мне было б складана зрабіць выбар у такіх умовах».
«Мне таньней падарожнічаць за мяжой, чым жыць у Швэйцарыі»
Пасьля свайго ўсходнеэўрапейскага падарожжа Адрыян вярнуўся ў Менск на месяц. Па-першае, ён сустракаецца зь дзяўчынай, зь якой пазнаёміўся тут два месяцы таму. Па-другое, Беларусь, на яго думку, гэта ідэальнае месца, каб сканцэнтравацца на пэўнай справе.
«У Эўропе я заўжды імкнуся нешта рабіць. А зь Беларусі празь візавыя абмежаваньні ты ня можаш свабодна паехаць у іншую краіну. Гэта выдатнае месца, каб папрацаваць у спакоі над маім блогам».
На пытаньне, наколькі дорага падарожнічаць на машыне такі доўгі час, Адрыян кажа, што на падарожжы ён насамрэч эканоміць свае грошы. У іх вельмі высокія падаткі, а таму калі ён падарожнічае й ня плаціць падаткаў, ён траціць прынамсі ўдвая менш, чым жывучы й працуючы на радзіме. Таму ён задумваецца, каб зусім зьехаць з дарагой Швэйцарыі.
«Самае галоўнае — я зразумеў, што магу ўявіць сваё жыцьцё ў іншай краіне. Нават у Беларусі, асабліва, калі б тут быў лагаднейшы візавы рэжым».
Адрыян кажа, што й раней быў адкрытым для новых ідэй, але гэтае падарожжа моцна зьмяніла яго ўяўленьне пра сьвет. Напрыклад, ён ніколі не сумняваўся, што цэнтар Эўропы месьціцца менавіта ў Швэйцарыі.
«А тут я даведаўся, што Вільня й Менск — сэрца Эўропы. Сапраўдны цэнтар кантынэнту ў маёй сьвядомасьці пасунуўся на ўсход. Я б не сказаў, што Беларусь — Цэнтральная Эўропа, але яна вельмі моцна зьмяняецца».
Зь Беларусі праз пару дзён ён адправіцца назад у Швэйцарыю, каб правесьці Каляды са сваякамі. А пакуль дапісвае блог і падводзіць вынікі свайго падарожжа. І ўжо вывучае новыя маршруты.
«Цяпер думаю, што мне рабіць далей. Хацеў бы некалькі гадоў пабыць „лічбавым вандроўнікам“ — падарожнічаць і працаваць он-лайн. Хочацца нейкі час пажыць у дарозе».