Намесьнік старшыні рады Беларускай асацыяцыі бесьпілётнай авіяцыі Глеб Бандарык расказаў Свабодзе, што не ва ўсім згодны з Антонам Матолькам у справе з дронамі, зьніклымі на менскім «Сьвяце Незалежнасьці» 25 сакавіка.
Проста перахапіць кіраваньне дронам амаль немагчыма
Антон Матолька сьцьвярджае, што дзясятак бесьпілётнікаў, што 25 сакавіка страцілі журналісты і наведнікі сьвята, былі сагнаныя праз хакерскую атаку: яны ня толькі гублялі сыгнал па-за нейкай зонай, але і перахопліваліся праз сыгнал Wi-Fi. Ён падазрае, што бесьпілётнікі скралі супрацоўнікі КДБ, МУС ці Службы бясьпекі прэзыдэнта.
Арганізатары «Сьвята Незалежнасьці»: дроны перахапілі праз хакерскую атаку
Глеб Бандарык мяркуе, што сытуацыя была іншай — ён дапускае, што Матолька ў нечым мае рацыю, але не ва ўсім. Перашкоды ў сувязі з дронамі былі, пра што яму казаў адзін з прысутных апэратараў дрона, але ці наўмысныя былі гэтыя перашкоды, ці чыста тэхнічныя — цяжка сказаць. Калі сапраўды было нейкае глушэньне, то, кажа Бандарык, гэта неразумнае і ня самае бясьпечнае рашэньне.
Your browser doesn’t support HTML5
Але ён перакананы, што ў Беларусі няма абсталяваньня, каб менавіта перахапіць кіраваньне дронам. Кампаніі кшталту DJI (папулярная ў Беларусі марка дронаў) трацяць мільёны даляраў на кібэрбясьпеку, бо ў тым ліку робяць апараты для вайскоўцаў. Тэарэтычна яшчэ магчыма праз хакерскую атаку груба разьвярнуць дрон (напрыклад, «пераблытаць» поўнач і поўдзень), але вельмі сумнеўна, што можна цалкам захапіць кіраваньне.
«Апэратары дронаў паводзілі сябе безадказна»
Матолька тлумачыў, што на «Сьвяце Незалежнасьці» зьбіраліся зрабіць цэнтар каардынацыі працы апэратараў бесьпілётнікаў, ды проста не хапіла часу і чалавечых рэсурсаў (фэст быў арганізаваны літаральна за тры тыдні — як толькі на мітынг-канцэрт далі дазвол улады).
Бандарык падкрэсьлівае: тое, што ў паветры над натоўпам было шмат дронаў адначасова, гэта небясьпечна і безадказна з боку апэратараў — ён называе гэта сур’ёзным прапарушэньнем, якое абурыла супольнасьць аматараў бесьпілётнай авіяцыі. Паводле яго, БФБА будзе разьбірацца ў тым, што было ў небе над Траецкай гарой, абавязкова правядзе размовы з апэратарамі дронаў.
У радыюсе 500 мэтраў, кажа Бандарык, можа працаваць ня больш за тры звычайныя бесьпілётнікі кшталту распаўсюджанай у Беларусі мадэлі DJI Fantom 4. Калі больш — ужо небясьпечна для дронаў і, як вынік, для тых, хто пад імі. А на «Сьвяце Незалежнасьці» адначасова падымалі больш дронаў.
Правілаў для дронаў на масавых мерапрыемствах пакуль няма
Цяпер, кажа Бандарык, не існуе правілаў ці рэкамэндацыяў па палётах бесьпілётнікаў над масавымі мерапрыемствамі — а яны патрэбныя дзеля бясьпекі гледачоў. Дзяржаўныя органы, кажа ён, да мінулага году не займаліся рэгуляваньнем палётаў дронаў, але БФБА, утвораная толькі год таму, актыўна працуе над тым, каб былі прынятыя дакладныя правілы палётаў дронаў.
Указ, які мінулай восеньню фактычна легалізаваў палёты дронаў у Беларусі, Бандарык называе дастаткова ляяльным: каб законна запускаць дрон, трэба далучыцца да БФБА, зрабіць маркіроўку і не парушаць зоны, абмежаваныя для палётаў. Але тая ж маркіроўка, кажа ён, была не ва ўсіх дронаў, што запускалі над «Сьвятам Незалежнасьці».
Ён называе сябе прыхільнікам жорсткіх правілаў палётаў дронаў менавіта над масавымі мерапрыемствамі — па прыкладзе Цэнтральнай Эўропы: для гэткіх палётаў ён лічыць неабходным сур’ёзнае навучаньне, ня менш за 100 гадізнаў палётаў у апэратара. Маўляў, калі б у цывілізаванай дзяржаве было тое, што было над «Сьвятам Незалежнасьці», апэратараў як найменей пазбавілі бы ліцэнзіі на палёты, а ў Парыжы ці Рыме ім прысудзілі бы вялікія штрафы.