Дачка Лявона Вольскага Адэля мае альбом уласных песень, але на менскім канцэрце #БНР100 выканае гіты бацькі, які ў той жа дзень выступіць у Беластоку.
На менскім «Сьвяце незалежнасьці» 25 сакавіка — мітынгу-канцэрце ў гонар 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі – выступіць Адэля Вольская, дачка сьпевака Лявона Вольскага.
Адэля Вольская выканае песьні бацькі, хоць мае ўжо дзевяць запісаных уласных песень у альбоме «Ўсё атрымаецца». Сам бацька выступіць праз тэлемост. Ён дыстанцыйна прэзэнтуе новую песьню.
«Я захапляюся творчасьцю таты» — Адэля Вольская пра сваю музыку, вучобу ў Польшчы і ўлюбёныя гурты
Лявон Вольскі, які ў гэты дзень выступіць у польскім Беластоку, казаў, што хацеў бы сьпяваць і на канцэрце ў Менску, але арганізатар беластоцкага канцэрту Алег Латышонак не пагадзіўся перанесьці ягоны выступ нават на некалькі гадзін, бо менскі канцэрт — «не такая вялікая падзея, каб мяняць нашыя пляны».
Раней музыкі гурту Akute выказаліся ў падтрымку тых, хто ня зможа выступіць у Менску — а запрашалі таксама Сяргея Міхалка (грае 25 сакавіка ў Мазыры) і Зьмітра Вайцюшкевіча (грае ў Варшаве). Сам гурт зайграе ўдзень у Менску, а ўвечары — у Магілёве.
«Спадзяёмся, усе павінны ўсьведамляць, што Беларусь не заканчваецца за МКАДам і жыхары іншых гарадоў таксама павінны мець магчымасьць правесьці 25 сакавіка ў фармаце сапраўднага сьвята», — пісалі Akute.
Хто выступіць на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску
На менскі канцэрт 25 сакавіка арганізатары плянуюць сабраць да 25 тысяч чалавек. У афішы гурты Akute, Dzieciuki, «Мутнаевока» і «Разьбітае сэрца пацана», сьпевакі Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пятро Клюеў і Юры Стыльскі, музычная праграма «Сьпеўнага сходу» і выступ актораў «Свабоднага тэатру», бліжэй да сьвята будуць анансаваныя таксама іншыя выступоўцы. На плятформе Talaka.by арганізатарам менскага канцэрту сабралі на момант публікацыі 94% неабходных сродкаў (ёсьць таксама іншыя шляхі ахвяраваньняў).
Мітынгі-канцэрты 25 сакавіка ўжо таксама дазволеныя ў Берасьці (там маюць выступіць гурты :B:N:, Re1ikt і іншыя) і Горадні (туды запрасілі N.R.M., вядуць збор грошай на канцэрт), у Лідзе ўлады і мясцовыя актывісты зладзяць канцэрт у музэі, дазволаў чакаюць яшчэ ў некалькіх гарадах.
Паплечнікі палітыка Міколы Статкевіча падалі ў Менгарвыканкам заяўку на шэсьце 25 сакавіка, а сам Статкевіч казаў, што правядзе шэсьце, нават калі яно ня будзе санкцыянаванае ўладамі. Кіраўніцтва аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР адмежавалася ад ініцыятываў Статкевіча.