29 верасьня сьвяткуе свой 60-ы дзень народзінаў Адам Глобус (Уладзімер Адамчык). Паэт, празаік, мастак, выдавец — асоба шматгранная і пасьпяховая ва ўсім, чым займаецца. Аўтар дваццаці кніг і безьлічы карцін сустрэў нашых карэспандэнтаў у сваёй менскай майстэрні-студыі на праспэкце Незалежнасьці, дзе з кастрычніка будзе праводзіць заняткі для падлеткаў у Школе крэатыўнага пісьма Адама Глобуса «Літара».
Пра асобу
— Ці былі вы ў дзяцінстве паслухмяным сынам і ўнукам?
— Хутчэй не, чым так... Уцякаў з дому. Атрымліваў «калы» за кепскія паводзіны ў школе. Аднойчы ў трэцяй клясе паказаў настаўніцы дулю. Яна сказала, што я добра вучуся і ажанюся зь дзяўчынкай, якая таксама добра вучыцца. Жаданьня ажаніцца з суседкай па парце не было, і я прадэманстраваў свае думкі праз жэст. Дарэчы, дома я сябе паводзіў значна спакайней, чым у школе, куды хадзіў на трэцюю зьмену ў 16.15.
— Ці ёсьць у вашай памяці нейкі яркі ўспамін маленства ці юнацтва, які паўплываў на жыцьцёвы выбар і стаўся зыходным у фармаваньні сыстэмы каштоўнасьцяў?
— Студыя выяўленчага мастацтва ў палацы школьнікаў мне так падабалася, што я вырашыў стаць мастаком. Кіраваў студыяй Сяргей Каткоў — выдатны настаўнік і цікавы жывапісец. Ён для мяне заўсёды быў прыкладам для перайманьня. Быў і адмоўны вопыт жыцьця-быцьця ў піянэрскім лягеры «Артэк». Жыў я там з «басмачамі» і «абрэкамі», жыў па лягерных законах, дзе нават слова «здравствуйте» не дазвалялі прамаўляць у якасьці прывітаньня. Хадзіў па лягеры ў паўвайсковай форме і разумеў, што зь лягерным жыцьцём трэба змагацца, трэба адстойваць сваё права на культуру і на мову. Менавіта на Крымскім паўвостраве пачаў гартавацца мой змагарны дух.
— Ці ёсьць учынак, за які вам сорамна, пра які ня хочацца, каб нехта дазнаўся? Альбо наадварот, хочацца публічна расказаць, каб вызваліцца з-пад цяжару гэтага сораму?
— Сьмешныя пытаньні. Некалі Леў Мікалаевіч Талстой заўважыў, што без пачуцьця сораму нельга напісаць вартую ўвагі літаратуру. Так што на гэтыя пытаньні ўсе адказы ў маіх літаратурных творах і ў маіх малюнках.
Пра творчасьць
— Вы атрымалі прафэсійную мастацкую адукацыю, але маеце шырокае прызнаньне як літаратар. Дык кім лічыце сябе найперш?
— Найперш я атрымаў пэдагагічную адукацыю, стаў настаўнікам маляваньня і крэсьленьня. Пазьней скончыў інстытут і займаўся рэстаўрацыяй. Мастакоўскае асяродзьдзе ў Беларусі жудасна кансэрватыўнае, таму я пачаў працаваць як літаратар. Дваццаць гадоў я не падыходзіў да мальбэрта. Маляваў выключна для сябе. Карацей, ёсьць у маім жыцьці часы літаратурныя і часы мастакоўскія.
— Ці замінае ў творчым працэсе мастак літаратару, а літаратар мастаку?
— Калі робіш нешта на замову, малюеш нейкую халтуру, тады можа і замінаць, бо творца замінае халтуршчыку зарабляць грошы. Замест таго, каб рабіць малюнкі на продаж, ты бадзяесься па парку і складаеш хайку. У такія моманты я сябе асуджаю за непрактычнасьць, але ўсё адно бадзяюся па парку.
— Ці адчувалі вы, сын знанага пісьменьніка Вячаслава Адамчыка, цяжар бацькавага прозьвішча? І ці не ад жаданьня выбіцца з-пад ягонага ценю ўзялі сабе творчы псэўданім?
— Псэўданім я ўзяў, каб у бухгальтэрыях мае ганарары не перасылалі да бацькі. Што да цяжару ад татавай вядомасьці, дык я заўжды ганарыўся сваім бацькам Чэсем. Нават у гады беднасьці... Бацька стаў вядомым і прызнаным, калі я ўжо скончыў школу.
— Якую з дваццаці вашых кніг лічыце самай пасьпяховай? А якая мела самую скандальную славу?
— Ня я вызначаю посьпех сваіх кніжак, а чытачы з выдаўцамі і перакладчыкамі. Калі кніга перакладаецца і перавыдаецца, тады яна і пасьпяховая. Перакладаліся і перавыдаваліся зборнікі кароткіх гісторый «Дамавікамэрон» і «Дамавікамэрон найноўшы», раман «Дом» і кніга аповесьцяў «Толькі не гавары маёй маме». Паэзія таксама шмат на якія мовы перакладалася, але асобнымі кнігамі выходзіла толькі па-беларуску.
Калі казаць пра скандал, дык мая першая кніга паэзіі «Груд» праславілася і трапіла ў скандалы, бо яе ў 1985 годзе забараніла савецкая цэнзура.
Пра каханьне і эротыку
— У адным з інтэрвію я прачытала прызнаньне, што ваш донжуанскі сьпіс налічвае 66 імёнаў. Чым ёсьць каханьне і эротыка ў вашым жыцьці і творчасьці?
— 66? Гэта даўно было, калі я пісаў апошнюю частку ў шэраг кніжак пад назваю «Дамавікамэроны». Але і 66 — ладны гарэм. Любоў, каханьне, эротыка — аснова, на якой трымаецца чалавечы сьвет. Так лічу. На тым і стаю.
— «Яна — выдумка маёй галавы», — казаў Багдановіч пра сваю Вераніку. А вашы лірычныя гераіні — з жыцьця ці з прыдумак?
— Так званыя прыдумкі ў большасьці сваёй запазычаныя ў іншых вобразаў, якія некалі былі напісаны з натуры. На мой розум, яно так выглядае. Таму я ня веру какетліваму і манэрнаму Максіму Багдановічу. Сам я натхняюся натурай, але бывае, натура знаходзіцца на такой вялікай адлегласьці ў часе, што выглядае казачна.
— Паказаць і прачытаць самыя распусныя творы вы абяцаеце на выставе аднаго дня 29 верасьня. Ці няма ў вас пачуцьця няёмкасьці за гэтыя творы перад дзецьмі і ўнукамі?
— Калі я заходжу ў прыбіральню, дык зачыняю за сабою дзьверы, каб не было няёмкасьці. Зь дзецьмі я абмяркоўваю дзіцячыя праблемы, а з дарослымі — дарослыя. Раю ўсім так рабіць, і пачуцьця няёмкасьці ня будзе. Шкада толькі, што інфантылізм квітнее сярод дарослых. Таму шмат каму здаецца, што мастацтва і літаратура для дарослых павінна быць такой жа, як і для дзяцей.
Пра посьпех
— На пачатку творчага шляху вы казалі, што вас не цікавіць прызнаньне і слава пасьля, вы хочаце мець гэта пры жыцьці. Ці цяпер лічыце сябе творча шчасьлівым?
— Так... Пастукаю па дрэве! І скажу... Я шчасьлівы чалавек. Мне падабаецца маляваць і пісаць тэксты.
— «Сам сябе не расшарыш, дык і ніхто цябе не расшарыць...», — такую сэнтэнцыю вы нядаўна зьмясьцілі ў сваім фэйсбуку. Наколькі вызначальная роля піяру і самапіяру ў посьпеху сучасных творцаў, па-вашаму? І ці можа наш чытач/глядач/народ сам заўважыць і ацаніць сапраўдны талент?
— Талент, як і грошы, бывае сапраўдны і фальшывы. У пісьменьніка пасьля першай кнігі відаць, які гэта талент. У мастака пасьля першай выставы зразумела, што ў яго атрымалася ці не атрымалася. Што да піяру і рэклямы, дык я іх успрымаю як асобныя віды творчасьці. Мне цікава імі займацца.
Пра грошы і свабоду
— Існуе думка, што грошы — эквівалент свабоды. Ці згодныя з гэтым? І што для вас грошы? А што свабода?
— Грошы — эквівалент таленту, а не эквівалент свабоды.
Цяпер пра свабоду... Некалі Сокалаў-Воюш зрабіў мне замову ў перадачу «Верш на Свабоду». Я напісаў.
Свабода
Нарэшце маю свабодны вечар.
Усходзіць поўня над небакраем.
У ціхім парку, ля сьветлай рэчкі
з бутэлькай віскі адпачываю.
Амаль адразу пасьля гэтага верша я кінуў выпіваць. Таму ў мяне зьмянілася стаўленьне да свабоды. Востра адчуваеш свабоду ў залі суду. Асабліва востра, калі судзяць цябе. Яшчэ вастрэй ты яе адчуваеш, калі чакаеш прысуду. Забяруць у цябе свабоду? Мо пашанцуе? Можа, не забяруць? Глядзіш на жалезную клетку і сам сябе шкадуеш. Палон побач. Два крокі — і ты ў клетцы. Судзьдзя паварочвае справу на тваю карысьць. Ты свабодны! Выходзіш у калідор, дзе судзьдзя табе кажа, што трэба больш маляваць з унукам, больш займацца мастацтвам, трэба быць больш асьцярожным і ўважлівым. Так што свабода для мяне — маляваньне з унукам на менскіх вуліцах.
— Вы кажаце, што грошы — эквівалент таленту. Беларускія літаратары пераважна людзі бедныя. Яны што — усе бяз таленту?
— Добры пісьменьнік жыве добра, а кепскі пісьменьнік жыве кепска. Добрае жыцьцё ня толькі грашыма мераецца.
— Як наогул вы ацэньвае сёньняшні стан беларускай літаратуры?
— Каб я быў ацэншчыкам, дык ацаніў бы. Пра маё стаўленьне да мастакоў і літаратараў можна прачытаць у маіх кнігах і ў маіх блогах. Канфлікт творцы з грамадзтвам — адна з асноўных тэмаў у маёй творчасьці.
Пра патрыятызм і эміграцыю
— Чаму вы жывяце ў ветраным Менску, а не, скажам, ва ўтульнай Вільні, якой ня раз прызнаваліся ў каханьні, ці ў цёплым прыгарадзе ўлюбёнай Барсэлёны?
— Аднойчы я палічыў, дзе і колькі я пажыў... У родным мястэчку Койданаве я пражыў гады са тры, у Каталёніі гады два, яшчэ каля двух гадоў я пражыў у цёткі Рэні на беразе Чорнага мора ў Сочы, год я адпакутаваў у розных летніках і піянэрскіх лягерах, яшчэ год правучыўся і прапрацаваў у Маскве, год пражыў у Вільні... Каб ня школа, не інстытут, ня праца, каб ня межы зь візамі, я пэўна ж, больш пражыў бы ў Койданаве і пад Барсэлёнаю, а так пераважная большасьць майго жыцьця прайшла ў сталічным Менску, пра што не шкадую і чым ганаруся.
— Што такое для вас патрыятызм у эпоху глябалізацыі?
— Сямʼя, родная мова і ўласны дом на бацькаўшчыне.
Пра сталасьць і мудрасьць
— Сталасьць надыходзіць, калі заўважаеш, што ўсе навокал ня толькі значна маладзейшыя за цябе, а яшчэ яны некуды сьпяшаюцца, — так нядаўна вы вызначылі свой узроставы стан. Што самае мройлівае і жаданае бачыцца наперадзе?
— Мяне больш радуе не чытаньне новага, а перачытваньне таго, што моцна ўразіла раней. Таму я больш радуюся паўторам... Яшчэ раз зьежджу ў Парыж і ў Барсэлёну. Яшчэ дапішу і выдам некалькі кніжак. Калі пашанцуе, выдам і збор твораў у Ігара Логвінава.
— Старажытныя казалі, што першыя 30 гадоў чалавек павінен вучыцца з кніжнай мудрасьці, другія 30 вандраваць дзеля практычнага досьведу, а рэшту жыцьця асэнсоўваць здабытыя веды і дзяліцца імі. Калі кіравацца гэтай формулай, то вы ўжо абазнаны ў тэорыі і практыцы чалавек. Падзяліцеся, калі ласка, хаця б некалькімі тэзамі сваёй мудрасьці.
— Калі нехта кажа пра маю мудрасьць, я заўжды думаю, што гэта не пра мяне і гэта памылка. А вось сталасьць сваю даводзіцца прымаць. З мудрасьцю яшчэ дапускаецца памылка, а са сталасьцю — не.
Цяпер модна чытаць кнігі-інструкцыі з практычнымі парадамі. Рабі гэта так, а тое рабі гэтак. У кнігах столькі карыснага і патрэбнага, што можна і разгубіцца... Таму я скажу адно пра зьдзіўленьне. Смак жыцьця — у зьдзіўленьні. Яно лечыць ад сьмяротнага граху паныласьці. Будзь цікаўным, зьдзіўляйся — і атрымаеш радасьць.
— З кастрычніка пры ПЭН-цэнтры распачынае сваю працу Школа крэатыўнага пісьма Адама Глобуса «Літара». Для навучаньня запрашаюцца хлопцы і дзяўчаты ад 15 да 18 гадоў уключна. Чаму вы выставілі такія ўзроставыя абмежаваньні?
— Падлеткам цяжка жывецца. Яны яшчэ ня выбралі свой шлях у жыцьці. Ім патрабуецца ўвага і дапамога. Слова можа дапамагчы, можа вылечыць, можа накіраваць у творчае рэчышча.
— Чым ваша школа будзе адрозьнівацца ад Школы маладога пісьменьніка, якая ад 2012 году існуе пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў?
— У той школе выкладаюць і чытаюць лекцыі шмат розных літаратараў з рознымі поглядамі на творчасьць. У свой час і я чытаў тамака лекцыі пра папулярныя раманы. Там і падумалася, што я змагу зрабіць праграму заняткаў не на пару-тройку лекцый, а на цэлы год. Праграму, якая навучыць маіх школьнікаў пісаць лірычны дзёньнік для сябе і для сваіх сяброў.
— Каго вы хочаце мець за свайго біёграфа?
— У мяне шмат аўтапартрэтаў і аўтабіяграфічнай прозы, таму майму біёграфу будзе лёгка працаваць, спадзяюся. Каб можна было выбіраць сабе біёграфа, дык я выбраў бы жанчыну, падобную да маёй дачкі.