Зьвесткі пра тое, што Інэса Крутая і яе бацька Аляксандр Круты цяпер у Чэхіі, пацьвердзіла маці Інэсы — Надзея, якая жыве ў Менску. Але далей размаўляць яна адмовілася, спаслаўшыся на стан здароўя пасьля хваробы. Больш падрабязна пра цяперашнюю сытуацыю Інэсы і Аляксандра Крутых карэспандэнту Свабоды апавёў іх знаёмы Мікалай Бамбіза. Днямі ён перапісваўся з Аляксандрам Крутым праз скайп і даведаўся, што бацька і дачка Крутыя цяпер у невялікім гарадку на ўсходзе Чэхіі, дзе праходзяць праверку як палітуцекачы:
— Яны цяпер праходзяць як бы акрэдытацыю. Жывуць у такім раёне, дзе шмат людзей, якія папрасілі палітычнага прытулку. Расказваў Аляксандар, што там ёсьць людзі нават з Манголіі, а так — шмат з Украіны, зь іншых краін. Папрасілі яны прытулку напрыканцы лістапада, таму яшчэ шмат часу ім там давядзецца прабыць.
— Чым яны матывавалі свае просьбы аб прытулку?
— Аляксандар — тым, што ў Беларусі яму фактычна не даюць нармальнай працы. Яго тут фактычна прызналі недзеяздольным, асабліва пасьля зьмяшчэньня ў Навінкі. Тут, як ён лічыць, будучыні ў яго няма. Да апошняга прыходзілі і кантралявалі, дзе ён, і зразумела, што ў спакоі і надалей не пакінуць. Апошні час ён мусіў працаваць грузчыкам у „Эўраопце“, хоць паводле адукацыі — радыёфізык, скончыў БДУ, працаваў у дасьледчым інстытуце. Цяпер ён сябе прэзэнтуе як праваабаронца, бо абараняў правы Інэсы на судзе па тэракце ў мэтро. Мяркую, з-за гэтага працэсу яго і зьмясьцілі ў псыхушку, бо ён сабраў факты, што вінаватыя ў тым тэракце ня тыя два чалавекі, якіх, на жаль, ужо расстралялі, а нехта іншы. Аляксандар ужо быў гатовы агаласіць гэтыя факты, але, на жаль, не пасьпеў. А Інэса не пагаджаецца з тым, што яна нібыта ахвяра бытавой траўмы, як ёй запісалі. Яна спрабавала ў судзе аспрэчыць гэты запіс, але суд не пайшоў ёй насустрач, і гэта пакінулі.
— Які ў яе цяпер стан здароўя? Раней яна скардзілася на вялікую страту зроку, што зь ёй цяпер?
— Ведаю, што ходзіць з дапамогай мыліцы, вельмі марудна. У яе праблемы з апорна-рухавым апаратам. Што да вачэй, то ведаю, што ходзіць без акуляраў. Але ў яе ў вочку застаўся ашчэпак, які лекары баяцца выдаляць.
Інэса Крутая — адна з больш як ста пацярпелых у тэракце ў менскім мэтро, які здарыўся ў красавіку 2011 году. На працэсе ў Вярхоўным судзе Беларусі над абвінавачанымі ў тэрарызьме Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым інтарэсы пацярпелай Інэсы Крутой цягам некалькіх пасяджэньняў абараняў яе бацька, Аляксандар Круты, які крытычна выказваўся адносна сабраных сьледзтвам доказаў. Празь некалькі дзён стала вядома, што Аляксандар Круты затрыманы міліцыяй з прычыны інцыдэнту, які здарыўся зь ім у менскай паліклініцы. Суд па абвінавачаньні Аляксандра Крутога ў хуліганстве праходзіў за зачыненымі дзьвярыма. Крутога прызналі вінаватым у хуліганстве ў стане бесьсьвядомасьці і зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь у Навінках дзеля прымусовага лячэньня. У канцы 2012 году Аляксандра Крутога вызвалілі са шпіталя на падставе новага рашэньня суду аб амбуляторным лячэньні. Інэса і Аляксандар Крутыя ня раз заяўлялі, што зьбіраюцца прасіць палітычнага прытулку. Інэса Крутая скардзілася на адсутнасьць неабходнага лячэньня. Аляксандар Круты казаў, што ня можа знайсьці працу, пасьля таго як атрымаў «воўчы білет».