Чакаецца, што 11 красавіка стане вядомая дата суду над актывістам анархісцкага руху Вячаславам Касінеравым.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла сяброўка Вячаслава Марына Насенка. «Адвакат заўтра пойдзе да Вячаслава і да судзьдзі. Заўтра ўжо будзе вядомая дата суду».
У афіцыйным абвінавачаньні актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава гаворыцца, што ён «груба парушыў грамадзкі парадак» і «дзейнічаў з выключным цынізмам».
Паводле абвінавачаньня, Касінераў учыніў хуліганскія дзеяньні: «накінуў на шыю скульптуры „Менскага гарадавога“ пятлю (якая імітуе пятлю для павешаньня), выкананую з канату сьветлага колеру, які выдзяляецца на фоне скульптуры і прыкметны для навакольных, пасьля чаго зацягнуў пятлю каля шыі скульптуры і, у працяг сваіх дзеяньняў, нанёс два ўдары рукой па галаве скульптуры „Менскага гарадавога“, якая ўвасабляе парадак і спакой на вуліцах гораду».
У лістах да сяброўкі Марыны Насенкі Вячаслаў Касінераў выказвае спадзяваньне, што «хутка ўсё гэтае цемрашальства скончыцца».
«Вельмі бадзёраць твае словы пра тое, што людзі памятаюць і падтрымліваюць мяне. На жаль, я не адзін такі, спадзяюся, хутка ўсё гэтае цемрашальства скончыцца. Полымя свабоды палае ў нашых грудзях нават тут», — піша Касінераў.
«Па апошніх лістах мне падалося, што ты троху разгубілася і перажываеш. Ня трэба. Усё добра. Няма ніякай „слабасьці“ ці чагосьці такога. Я цьвёрда веру ў нашы ідэалы, я ўпэўнены ў табе. Усё астатняе — другасна. Вырашальна», — піша Касінераў яшчэ ў адным лісьце да Марыны Насенкі.