Фотаздымкі зь сямейнага альбому распавядаюць пра тое, што адбывалася за публічным фасадам жыцьця камуністычнага дыктатара Румыніі Нікалае Чаўшэску.
Нікалае Чаўшэску зь перавязанымі для націску на спускавы кручок пальцамі назірае, як яго жонка Алена цэліцца з драбавіка падчас навагодняга паляваньня. 1976 год.
Чаўшэску б'е румынскага дыплямата па сьпіне, калі той схіляецца над тушкай зайца. Фота зроблена падчас паляваньня з кіраўнікамі дыпляматычных місій Індыі ў 1969 годзе.
Чаўшэску аглядае тушы забітых мядзьведзяў у ваколіцах Быстрыцы, гораду на поўначы Румыніі. 1972 год.
Гэтыя выявы ўзятыя з фататэкі, якая ўключае амаль шэсьць тысяч здымкаў і выкладзеная ў інтэрнэт Нацыянальным архівам Румыніі і Нацыянальным інстытутам па расьсьледаваньні злачынстваў камунізму.
Чаўшэску з жонкай у лесе падчас чарговага паляваньня. 1976 год.
У фататэцы сабраныя здымкі, пачынаючы ад 1965 году, калі Румынія знаходзілася пад уладай Чаўшэску, і заканчваючы 1989 годам, калі ён быў зрынуты і расстраляны разам з жонкай.
Алена абдымае сына Ніку.
Сотні фатаграфій былі ўзятыя з асабістай калекцыі Чаўшэску. На іх адлюстраваныя моманты з жыцьця сямейнай пары і іх найбліжэйшага атачэньня.
Чаўшэску падчас навагодняй вечарыны ў 1976 годзе.
Ніку Чаўшэску (у цэнтры) у атачэньні жанчын падчас вечарыны. 1976 год. Чаўшэску-малодшы пасьля пакараньня сьмерцю бацькоў быў засуджаны на турэмнае зьняволеньне. Ён памёр ад хваробы пячонкі ў Вене ў 1996 г. у 45 гадоў.
У архіве таксама ёсьць тысячы афіцыйных фатаграфій часоў кіраваньня Чаўшэску.
Натоўп людзей вітае Нікалае Чаўшэску ў горадзе Піцешці. 1966 год. Фота была зроблена праз год пасьля прыходу да ўлады Чаўшэску, які калісьці працаваў памочнікам у шаўца.
Чаўшэску, прыйшоўшы да ўлады, зьняў абмежаваньні на свабоду слова і рашуча выступіў супраць уварваньня Савецкага Саюзу ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе. Яго першыя крокі здабылі шырокую падтрымку ўнутры краіны і на Захадзе.
Жанчыны ў акрузе Біхор на паўночным захадзе краіны, дзе жыве буйная вугорская абшчына, вітаюць Чаўшэску. Надпіс на заднім пляне – словы аб адзінстве румынаў і вэнграў, яны заканчваюцца фразай: «Партыя Чаўшэску ў Румыніі – гэта найдаражэйшае для нас у сьвеце».
У 1970-я гады рэжым Чаўшэску пачаў рабіцца рэпрэсіўным, аднак хваласьпевы кіраўніку не аціхалі.
Дзеці вітаюць картэж Чаўшэску ў горадзе Сібіў, 1967 год.
Самыя нечаканыя фота ў архіве – з асабістых калекцый Чаўшэску. Яны зьнятыя, калі чыноўнікі забаўляліся, часам дзіўнымі і экстраардынарнымі спосабамі, паміж афіцыйнымі сустрэчамі і прыёмамі.
Мядзьведзь, забіты падчас адной з паляўнічых паездак Чаўшэску, з цыгарэтай у носе, у акулярах і ў капелюшы.
Румынскія чыноўнікі схіляюцца над мёртвым зайцам, рыхтуючыся атрымаць ад Чаўшэску ўдары палкай па сьпіне. 1969 год.
У архіве ёсьць некалькі фота гэтага дзіўнага рытуалу, які атрымаў назву «паляўнічае хрышчэньне». Па словах відавочцаў, ніводзін таварыш па паляваньні не пазьбег гэтага абраду, нават сын Чаўшэску. Адзін чыноўнік успамінаў, як кіраўнік перад тым, як моцна зьбіць сына палкай, абвясьціў, што «Ніку павінен памятаць аб сваім хрышчэньні ўсё жыцьцё».
Мужчыны нясуць тушу мядзьведзя зь лесу, каб паказаць яе Чаўшэску, які прыехаў на паляваньне. 1972 год.
Чаўшэску страляе з лука падчас адпачынку ў Малдове. 1976 год.
Чаўшэску бяжыць з сабакам. Зіма 1981 года.
На некаторых фотаздымках з калекцыі Чаўшэску – маладыя гады сямейнай пары, калі яны прытрымліваліся леварадыкальных поглядаў.
Нікалае Чаўшэску (у чорным пінжаку) і Алена Чаўшэску (у белай блузцы) на бальконе глядзяць на Ўнівэрсытэцкую плошчу Бухарэста. Маладыя людзі вітаюць прыбыцьцё савецкіх войскаў у Румынію пасьля перавароту, у выніку якога ў жніўні 1944 года быў зрынуты пранацысцкі кіраўнік.
Юная Алена Чаўшэску (другая зьлева) зь сябрамі на балі.
Нікалае Чаўшэску (зьлева) на парадзе вітае савецкія войскі. Жнівень 1944 года.
Алена і Нікалае Чаўшэску на навагодняй вечарыне ў 1988 годзе. Гэта адно з апошніх іх прыжыцьцёвых фота, якія захоўваюцца ў архіве.
Амаль праз год пасьля таго, як была зроблена гэтая фатаграфія, пара ўцякла ад разьюшанага натоўпу са сталіцы. Пратэсты ў Бухарэсьце ўспыхнулі з-за крывавага разгону антыўрадавага выступу ў горадзе Тымішаара на захадзе краіны. Нікалае і Алену Чаўшэску, якія спрабавалі вылецець на верталёце ў бясьпечнае месца, схапілі і аддалі пад трыбунал. Іх пакаралі сьмерцю перад ваеннымі казармамі 25 сьнежня 1989 году, абвінаваціўшы ў злачынствах супраць дзяржавы, генацыдзе ўласнага народу.