Жыхара Мазыра Дзьмітрыя Шчарбатых аштрафавалі за абразу беларускай мовы.
Штраф у памеры чатырох базавых велічыняў (84 рублі) вынесла адміністрацыйная камісія Мазырскага райвыканкаму. Дамогся пакараньня жыхар Гомеля Ігар Случак, які рыхтуе магістэрскую дысэртацыю на тэму «Прававыя асновы дзяржаўнай моўнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь».
«У сацыяльных сетках, — кажа Случак, — абмяркоўваўся новы білборд на беларускай мове мазырскага футбольнага клюбу „Славія“. Былы супрацоўнік сайту offside.by Дзьмітры Шчарбатых пакінуў камэнтар, які абражаў мову. Я прапанаваў Дзьмітрыю выбачыцца, але ён зрабіў выгляд, што не разумее беларускай мовы, хоць скончыў ВНУ. Пасьля гэтага я зьвярнуўся ў Мазырскі райвыканкам, каб яго аштрафавалі паводле артыкула 9.22 КаАП — за публічную абразу беларускай мовы».
Мазырскі райвыканкам на прапанову Ігара Случака даслаў адказ, што зь Дзьмітрыем Шчарбатых праведзена прафіляктычная гутарка і ён «усьвядоміў свае неабачлівыя паводзіны».
Случак паўторна зьвярнуўся да жыхара Мазыра з просьбай выбачыцца за публічную абразу беларускай мовы, аднак той пачаў выказваць абразы і на ягоны адрас. Таму Ігар зьвярнуўся ў пракуратуру. Урэшце Дзьмітрыя Шчарбатых аштрафавалі.
На думку будучага магістра юрыспрудэнцыі Ігара Случака, правапрымяняльная практыка адміністрацыйнага артыкула за парушэньне заканадаўства аб мовах патрабуе ўдасканаленьня. Найперш, павінна быць пашырана колькасьць субʼектаў, якія могуць складаць адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкула 9.22 КаАП. Выканкамы, выглядае, ня надта гатовыя хутка і якасна рэагаваць на парушэньне заканадаўства аб мовах.