Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб абмежаваньні іміграцыі, перадае CNN. Па словах кіраўніка Белага дому, новыя меры ўсталююць жорсткія перашкоды на шляху радыкальных ісламістаў, якія ўяжджаюць у Злучаныя Штаты з-за мяжы.
Як паведамляе Reuters, указ прыпыняе выдачу візаў грамадзянам сямі краінаў, дзе вызнаюць іслам. Таксама забараняецца прымаць сырыйскіх уцекачоў і прыпыняецца прыём просьбітаў аб прытулку з іншых краінаў на 120 дзён. Аб стварэньні так званых «зонаў бясьпекі» у Сырыі ў тэксьце дакумэнта не гаворыцца, удакладняе агенцтва.
У эфіры CBN Трамп раней падкрэсьліў, што хрысьціяне з Сырыі будуць карыстацца прыярытэтам пры прыняцьці рашэньня аб прадстаўленьні прытулку ў ЗША. Паводле яго словаў, яны больш за ўсё пакутуюць з гвалту з боку радыкальных ісламістаў.
Падчас перадвыбарчай кампаніі Трамп назваў мусульманаў «пагрозай для ЗША» і заклікаў забараніць ім уезд у краіну. Словы мільярдэра выклікалі хвалю крытыкі ў СМІ і сацыяльных сетках. Пазьней прыхільнікі Трампа заявілі, што гаворка ішла не аб усіх мусульманах, а аб радыкальных ісламістах, якія спрабуюць патрапіць у ЗША.