Маладафронтаўцу нагадалі, што ён не адбыў 3 сутак арышту за абарону Курапатаў у лютым-сакавіку

Уладзь Яроменак у часе абароны Курапатаў.

Актывіст «Маладога Фронту» Ўладзь Яроменак атрымаў 8 верасьня судовую пастанову аб арышце на 3 сутак за «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў» падчас абароны Курапатаў, што была ў канцы лютага і пачатку сакавіка, перадае Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Напярэдадні яму патэлефанаваў участковы інспэктар міліцыі і нагадаў пра выкананьне судовай пастановы, але Яроменак заявіў, што ня будзе нічога рабіць, пакуль не атрымае асабіста належны дакумэнт.

Разгляд адпаведнай справы меў пачацца ў сакавіку, але тады актывіст быў затрыманы перад акцыяй 25 сакавіка і ўтрымліваўся пад вартай у рамках «справы патрыётаў». Завочны суд адбыўся 26 траўня, але Яроменку на яго не запрасілі і пра вынікі не паведамілі.

За абарону Курапатаў 3 сутак арышту таксама былі пакараныя Зьміцер Дашкевіч і Сяргей Пальчэўскі, Зьмітру Паліенку прысудзілі 15 сутак, шэраг удзельнікаў абароны Курапатаў аштрафавалі на значныя сумы.