Ад пачатку году беларускія рынкі і гандлёвыя цэнтры пустуюць праз указ 222. Пакуль улады гэта ігнаруюць. Свабода пацікавілася ў незалежных эканамістаў, ці прынясе дзяржаве выгаду цяперашняя сытуацыя.
Яраслаў Раманчук, эканаміст, кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса:
«Гэта адна з такіх мераў, якія зьяўляюцца спосабам ліквідацыі 20–30 тысяч людзей, якія самазанятыя, дбаюць пра свае сем’і, ствараюць канкурэнцыю на таварным рынку. З аднаго боку, гэта безумоўна добра для гандлёвых сетак, для манапалістаў, для „Беллегпраму“. Таму ўказ 222 і зьявіўся. А пра тое, як жывуць людзі, як жывуць пакупнікі, — пра гэта быццам бы і ня дбаюць. А паколькі няма кансалідацыі паміж прадпрымальнікамі і пакупнікамі, маем цяперашнюю сытуацыю.
Калі казаць пра ўсе чыньнікі, гэта, безумоўна, будзе мінус, мы страцім месцы працы, мы страцім прадпрымальніцкі дух, больш будзем плаціць за тавары зь меншага асартымэнту. Перш за ўсё гэты ўказ б’е па малых гарадах і рэгіёнах, дзе, акрамя як у прадпрымальнікаў, ці няма выбару тавараў, ці ён вельмі малы. Дзяржаўныя крамы альбо „Белкаапсаюзы“ там працуюць як дыназаўры савецкай эпохі».
Сяргей Чалы, эканаміст, аглядальнік праграмы Tut.by-ТВ «Эканоміка на пальцах»:
«Гэта старая гісторыя, якая ідзе мо з канца 2008 ці пачатку 2009 году, калі пачалася барацьба з ІП-шнікамі. Гэтая барацьба зь цягам часу проста прымае розныя формы. Яна пачалася яшчэ да аргумэнтаў пра тэхрэглямэнты і бясьпеку прадукцыі, яшчэ да росквіту гіпэрмаркетаў. Тады гэта перасьледавала мэту расчысткі рынку, каб прыбраць канкурэнцыю для „сваіх“, набліжаных інвэстараў.
Цяпер, па вялікім рахунку, пасьля таго як народ палюбіў купляць усё тое самае, толькі ў больш камфортных умовах, мне здаецца, што яны раней ці пазьней адмерлі б натуральным шляхам. Асаблівай прывабнасьці таго, што яны прапаноўвалі, не было ў параўнаньні з гандлёвымі цэнтрамі, асаблівых тавараў яны не прывозілі. Але яны ўсё не выміралі, вось, напэўна, і вырашылі паскорыць гэты працэс.
Гэта ж і не было прадпрымальніцтвам, гэта форма самазанятасьці. Немагчымасьць прыцягненьня найманых работнікаў і астатняя палітыка зрабіла немагчымым іх рост і разьвіцьцё куды-небудзь з малога прадпрымальніцтва ў нешта больш сур’ёзнае. Стаўленьне дзяржавы нібы такое, што адзінай крыніцай сродкаў для існаваньня павінна быць дзяржава. У нас эканоміка — гэта ці сто дзяржаўных прадпрыемстваў, ці некалькі вялікіх прыватных, якія засталіся, а ўсё іншае існуе паводле рэшткавага прынцыпу. Цяпер хутчэй працуе аргумэнтацыя пра разьвіцьцё ўласнай лёгкай прамысловасьці — навошта яны імпарт завозяць? У нас, як звычайна, імпартазамяшчэньне праводзіцца сарамліва, мы ж ня кажам, што будзем зь імпартам змагацца. Усё праходзіць пад выглядам разьвіцьця ўнутранага рынку, абароны правоў спажыўца, дбаньня аб бясьпецы прадукцыі».
Анатоль Шумчанка, старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва», перакананы:
«Толькі ідыёты могуць думаць, што калі ня будзе ІП, то ўздымецца лёгкая прамысловасьць, перастануць выводзіцца грошы за мяжу і эканоміка запрацуе. Цывілізаваны сьвет даказаў адваротнае. Прадпрымальнікі даюць канкурэнцыю — няўжо, калі застанецца 20 буйных гульцоў, цэны будуць ранейшыя? Яны будуць здабываць прыбытак па поўнай праграме, цэны будуць вышэйшыя, якасьць ніжэйшая, асартымэнт меншы. Ладна ў Менску, але ж нібы забылі пра чалавека ў рэгіёнах, а менавіта там прадпрымальнікі выконваюць важную ролю, туды дзяржава са сваімі заводамі не дабіраецца.
Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, ён казаў, што краіна ляжала ў разрусе. Дык ня ён адзіны яе падымаў! Тады народ яшчэ ня ведаў, што такое адзеньне нармальнае. І тады прадпрымальнікі дапамаглі насыціць спажывецкі рынак. Цяпер трэба гэта разьвіваць, ствараць сацыяльна-эканамічныя ліфты, каб утвараўся сярэдні і буйны бізнэс. Гэта не праблема людзей, што яны „ня вырасьлі з кароткіх штонікаў“, гэта праблема чыноўнікаў, якія не навучыліся кіраваць эканомікай, каб стымуляваць разьвіцьцё малога бізнэсу. Сярэдні і буйны бізнэс можа зьявіцца імгненна толькі ў адным выпадку: калі скраў, „прыхватызаваў“, атрымаў нешта зьверху. У клясычным разуменьні сярэдні і буйны бізнэс выходзіць з малога, як тое было зь Білам Гейтсам ці Стывам Джобсам, якія пачыналі з гаражоў, а потым дарасталі да Microsoft ці Apple.
Індывідуальнае прадпрымальніцтва — гэта самазанятасьць, якая прыносіць дзяржаве прыбытак. Нас каля 100 тысяч, хто гандлюе, хто будуе гандлёвыя цэнтры, хто працуе ў тых цэнтрах. Адзін прадпрымальнік плаціў адзіны падатак з каэфіцыентамі парадку 5–7 мільёнаў беларускіх рублёў. Гэта ж паўтары-дзьве зарплаты чалавека, які на нейкім заводзе працуе. Як гэта можа быць сувымерным з тым, у якія ўмовы дзяржава паставіла прадпрымальнікаў? Колькі дзяржава недабярэ падаткаў?»