Тое, што суд над Паўлам Шаройка прызначаны, пацьвердзіла карэспандэнту Свабоды адвакатка Ларыса Быкава, якая абараняе ўкраінскага журналіста.
«Так, суд прызначаны», — сказала Ларыса Быкава па тэлефоне раніцай 12 лютага. Калі пачнецца працэс і ці будзе ён адкрыты, абаронца не ўдакладніла, спаслаўшыся на занятасьць.
У Вярхоўным судзе і КДБ, які вёў справу Паўла Шаройкі, зьвесткі пра суд над журналістам не камэнтуюць.
Карэспандэнт Грамадзкай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ўкраіны Паўло Шаройка быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ Беларусі 25 кастрычніка 2017 году ў Менску і абвінавачаны ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі зь ліку грамадзян краіны, «якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягоныя заданьні збору зьвестак выведнага характару ў ваенна-палітычнай сфэры».
У дачыненьні Шаройкі была заведзеная крымінальная справа паводле 358-на артыкулу Крымінальнага кодэксу — за шпіянаж. Таксама, паводле КДБ, быў затрыманы грамадзянін Беларусі, які нібыта выконваў шпіёнскія заданьні Паўла Шаройкі на карысьць Украіны. Гэты чалавек, чыё прозьвішча ў КДБ не называюць, быў абвінавачаны ў здрадзе радзіме.
БТ: Знайшлі зьвесткі пра 16 агентаў «шпіёнскай сеткі» затрыманага ўкраінца Шаройкі
«Гэта лухта», — амбасадар Украіны пра «сетку ўкраінскіх шпіёнаў» у Беларусі
Тым часам 12 лютага ў Чарнігаве Чарнігаўскі раённы суд правядзе папярэдняе слуханьне справы грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, затрыманага летась у чэрвені ў гэтым абласным цэнтры Ўкраіны праз падазрэньне ў зборы сакрэтнай інфармацыі на карысьць замежнай дзяржавы.
Судовая калегія ў складзе трох судзьдзяў пачне слуханьне справы а 16.00 паводле кіеўскага часу.
Папярэдняе слуханьне справы мае адбывацца ў адкрытым рэжыме. Разам з тым пры далейшым разглядзе справы суд можа ўхваліць рашэньне аб закрытым фармаце працэсу, паколькі гаворка ідзе пра «сакрэтную інфармацыю», якую Палітыка нібыта зьбіраў у інтарэсах іншай дзяржавы.
23 студзеня Палітыка атрымаў абвінаваўчы акт — яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з або без канфіскацыі маёмасьці.
Украінскія экспэрты выказвалі думкі, што справа затрыманага ў Беларусі Шаройкі — адказ на затрыманьне беларускага грамадзяніна ў Чарнігаве.