Сёньня а 17.45 супрацоўнікі Ўзьдзенскай міліцыі прынесьлі позву актывісту кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктару Крывалю. Чатыры міліцыянты запатрабавалі, каб спадар Крываль неадкладна ехаў у міліцыю.
Міліцыянты пастукалі ў дзьверы і сказалі, што ў іх ёсьць дакумэнт, які дазваляе зайсьці ў кватэру. Яны перадалі спадару Крывалю позву. У ёй гаворыцца, што В.Крываль мусіць заўтра а 9-й раніцы зьявіцца ў міліцыю для апытаньня па матэрыялу праверкі, які знаходзіцца ў вытворчасьці аддзяленьня аховы правапарадку. Калі ж спадар Крываль у міліцыю не зьявіцца, то яго даставяць у прымусовым парадку.
Віктар Крываль сказаў:
“Яны зараз патрабуюць, каб я на падставе гэтага дакумэнта зьбіраўся і ехаў у міліцыю. Гэтая позва ня можа быць падставай для таго, каб забраць мяне з кватэры і весьці ў РУУС. Я адмовіўся. А двое міліцыянтаў застаюцца ў кватэры”.
А 18.30 прыехалі яшчэ два міліцыянты і запатрабавалі, каб спадар Крываль неадкладна ехаў зь імі ў РУУС. Спадар Крываль сказаў, што яму нават не далі апрануцца і вязуць у міліцэйскай машыне ў майцы, тапачках і спартовых штанах.