Ці закране незалежнасьць Косава Беларусь?

Косава ў аднабаковым парадку абвясьціла пра незалежнасьць гэтага краю ад Сэрбіі. Як гэта падзея адб’ецца на сытуацыі ў сьвеце? Ці закране яна нейкім чынам Беларусь?

Старшыня беларускага Шуманаўскага таварыства, дарадца Аляксандра Мілінкевіча ў міжнародных пытаньнях Ігар Лялькоў лічыць: косаўскія падзеі перадусім паўплываюць на Балканы:

“Усё ж такі гэтая праблема ў першую чаргу адносіцца да гэтай часткі сьвету. Стасункі некаторых краінаў з Сэрбіяй стануць вельмі складанымі. Сэрбія ўжо абвясьціла, што яна будзе зьніжаць узровень дыпляматычных дачыненьняў з краінамі, якія прызнаюць незалежнасьць Косава.
Уплыў Расеі на Балканскай паўвысьпе будзе праз гэта павялічвацца.


Можна чакаць таксама далейшага збліжэньня Сэрбіі і Расеі. Уплыў Расеі на Балканскай паўвысьпе будзе праз гэта павялічвацца.

Магчыма, з’явіцца дадатковы аргумэнт для некаторых самаабвешчаных краінаў на Каўказе, паказваючы на прэцэдэнт Косава, таксама паспрабаваць прэтэндаваць на нейкае міжнароднае прызнаньне”.

Згадваю, што ў часы Слабадана Мілошэвіча з Белграду ішлі сыгналы пра далучэньне да беларуска-расейскага саюзу. Ці магчыма вяртаньне сёньня да гэтай ідэі? – цікаўлюся ў спадара Лялькова:

“Наколькі я памятаю, была нават рэзалюцыя Скупшчыны (тады яшчэ Югаславіі) як раз пра далучэньне да гэтага саюзу. Югаслаўскі парлямэнт прыняў такое рашэньне. Але, натуральна, ніякіх практычных наступстваў яно не мела. Шчыра сказаць, я не думаю, што ў сёньняшняй сытуацыі гэта магчыма. Трошкі іншая стала Сэрбія параўнальна з той, якой яна была падчас Мілошэвіча”.

Намесьніка старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоля Красуцкага прыклад Косава вельмі хвалюе:

“Я як раз пра гэта думаў. Наагул, гэта вельмі сур’ёзны сымптом, які можа ўзарваць той крохкі мір, які стварыўся ва ў Эўропе і ва ўсім сьвеце. Гэта тычыцца перадусім міжэтнічных дачыненьняў у рамках самаабвешчаных асобных дзяржаўных утварэньняў”.

Спадар Красуцкі не выключае ў гэтай сытуацыі больш дзейных захадаў з боку Расеі, скіраваных на аб’яднаньне славянскіх народаў, але не праз саюзную дзяржаву:

“Я думаю, што сама гэта ідэя ўжо ў мінулым. Аднак з пэўных дзеяньняў і заяваў расейскага кіраўніцтва, мне падаецца, што аб’яднаньне славянскіх дзяржаваў будзе ісьці больш актыўна. Палітыка Расеі на гэтым кірунку будзе больш дзейнай”.

Палітоляг Аляксандар Фядута лічыць, што праз косаўскі прыклад узмацніцца ціск на польскую дыяспару у Беларусі:

“Пачынаецца, на мой погляд, перагляд межаў, якія ўтварыліся ва ў Эўропе. І калі адна са звышдзяржаваў, прыкладам, Злучаныя Штаты прызнаюць Косава, дык Расея прызнае, напрыклад, Абхазію.

Беларусь, на першы погляд, гэта не датычыцца. Але паглядзіце, якую буйную кампанію ўзьнялі беларускія ўлады супраць “карты паляка”. Тое, што ў гэтым выпадку ўзмацніцца ціск уладаў на польскую дыяспару ў Беларусі, у мяне няма ніякага
У гэтым выпадку ўзмацніцца ціск уладаў на польскую дыяспару ў Беларусі
сумневу”.

А вось у далучэньне Сэрбіі да гэтак званай Саюзнай дзяржавы ў хуткім часе спадар Фядута ня верыць:

“Такія рашэньні прымаюцца толькі тады, калі ўлада моцная. А я ня ведаю, наколькі сёньня моцная ўлада ў Сэрбіі. А па-другое, Расея знаходзіцца напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў”.