Супрацоўнікі спэцназу міліцыі затрымалі 32 чалавека ў вёсцы Заямачнае Менскага раёну. Непаўналетніх адпусьцілі, астатнія застаюцца пад вартай.
Усе затрыманыя – сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Яны сабраліся, каб абмеркаваць некаторыя арганізацыйныя пытаньні. Усіх адвезьлі ва ўпраўленьне ўнутраных спраў Менскага раёну. Чатырох непаўналетніх праз гадзіну адпусьцілі, астатніх па адным выклікалі на размову, а потым адводзілі ў аўтобус.
Каля будынку міліцыі Менскага раёну, што ў мікрараёне Сьцяпянка, сабраліся бацькі і сябры затрыманых маладафронтаўцаў. Нягледзячы на тое, што ўсіх затрымалі а палове на 3-ю, праз тры гадзіны, а 6-й вечара, яшчэ не вядома якое рашэньне прыме міліцэйскае кіраўніцтва.
Сярод затрыманых – Артур Фінькевіч. Ён разам зь іншымі маладафронтаўцамі знаходзіўся ў актавай залі міліцыі. Артур апавёў “Свабодзе”:
“Цяпер у актавай залі становіцца ўсё менш і меш людзей. Па адным адводзяць у кабінэт, там дапытваюць, правяраюць дакумэнты і потым адводзяць у аўтобус. Выпусьцілі непаўналетніх пару чалавек. Што будзе далей – невядома, бо, супрацоўнікі міліцыі, відаць, яшчэ чакаюць нейкага загаду”.
Дашкевіч: таталітарны рухавік спыняцца ня будзе
Павал Севярынец таксама быў на сходзе і трапіў у міліцыю.
“Па ўсім відаць, што рэжым вырашыў паказаць, што, нават, выпускаючы палітвязьняў, ён не выпускае са сваіх кіпцюроў сытуацыю. Ён дае зразумець і “Маладому фронту”, і незалежнаму грамадзтву, міжнароднай супольнасьці, што ён будзе трымаць сытуацыю пад кантролем, пад кантролем рэпрэсій, і гэтай дэманстратыўнай жорсткасьцю будзе даводзіць, што кантраляваць перамовы будзе ён”.
Зьміцер Дашкевіч адзначыў, што міліцыянты затрымалі больш за тры дзясяткі чалавек, калі не прайшло і сутак пасьля вызваленьня Андрэя Клімава:
“Сёньняшнія затрыманьні, як і крымінальны перасьлед Кацярыны Салаўёвай паводле 193 артыкулу, як і крымінальны незаконны перасьлед Андрэя Кіма, сьведачаць аб тым, што таталітарны рухавік спыняцца ня будзе. Усе гэтыя вызваленьні, якія цяпер адбываюцца, яны адбываюцца пад вялікім міжнародным ціскам і хутчэй у фармаце нейкай такой гульні ў дэмакратыю, чым сапраўднай лібэралізацыі грамадзкага жыцьця”.
Маладафронтаўцы з размоваў міліцыянтаў зразумелі, што тыя ведалі пра маючы адбыцца сход і ўжо мелі пракурорскую санкцыю, каб гвалтоўна увайсьці ў хату.
Наста Палажанка, якую вызвалілі празь дзьве гадзіны пасьля затрыманьня, паведаміла “Свабодзе”, што ў міліцыі іх ужо чакаў супрацоўнік КДБ, якога яны называюць “куратарам” “Маладога фронту”.
Летась 4 лютага міліцыянты таксама затрымалі больш за тры дзясяткі маладафронтаўцаў. У выніку супраць Насты Палажанкі, Мікіты Краснова, Зьмітра Хведарука, Барыса Гарэцкага і Алега Корбана тады распачалі крымінальныя справы за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.