Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.
Карэспандэнтка: “Як вы ставіцеся да незалежнасьці Косава?”
Спадар: “Каб мне выказаць сваё меркаваньне, мне трэба ведаць, што там адбываецца. Што там адбываецца, я ня ведаю, бо я не гляджу тэлевізар. Мне няма часу яго глядзець. Што я магу сказаць? Я зарабляю грошы. Кошты падскочылі, і застаецца толькі працаваць з ранку да ночы”.
Юначка: “Маё меркаваньне – правільна. Каб яны былі асобна, каб у іх была свая дзяржава. Каб у іх было ўсё сваё і яны ні ад кога не залежылі”.
Юнак: “Сытуацыю ведаем, але нам усё роўна, як яны там. Няхай як хочуць”.
Спадар: “Я лічу, што гэта абсалютна ня правільна. Косава – гэта сэрбская зямля, яно павінна ўваходзіць у Сэрбію. У свой час сэрбы прытулілі альбанцаў, а зараз яны абвяшчаюць гэтую зямлю сваёй. Гэта і палітычнае, і ўвогуле злачынства”.
Юнак: “Калі казаць пра гісторыю, то бальшыню насельніцтва Косава альбанцы сталі складаць пасьля другой усясьветнай вайны. У выніку прымусовага высяленьня сэрбаў італійскімі акупантамі. А таксама прымусовага засяленьня туды альбанцаў. І калі гістарычна глядзець, то гэта нібыта несправядліва адносна сэрбаў, а калі глядзець, як усё склалася...
Гэтым летам я быў у ЗША і сустракаў там шмат сэрбаў. Даводзілася ім тлумачыць, што калі вы хочаце пакінуць Косава, то вы мусіце прызнаць альбанцаў альбанцамі. Іх мову, рэлігію, культуру. Аднак такога разуменьня і цярпімасьці я ня бачыў. Таму лічу, што іхнае супольнае пражываньне ў адной дзяржаве не магчымае”.
Карэспандэнтка: “Як вы ставіцеся да незалежнасьці Косава?”
Спадар: “Ёсьць там праблема, і яна не вырашаецца. Але я яе ня ведаю”.
Юнак: “Я думаю, што гэта правільна, бо кожная краіна павінна быць незалежнай і павінна самастойна вырашаць свае справы, як унутры краіны, так і па-за межамі”.