Жонка вызваленага сёньня з турмы Андрэя Клімава Тацяна дала інтэрвію “Свабодзе”.
Соўсь: Спадарыня Тацяна, калі дачка патэлефанавала Вам сёньня і сказала, што Вашага мужа вызвалілі з Мазырскай калёні, што Вы адчулі?
Клімава: Я была ня дома, калі пра гэта даведалася. Мне паіэлефанавала дачка, ёй званіў тата на хатні тэлефон, і сказаў, што яго вызвалілі, вязуць у Калінкавічы, дзе пасадзяць на цягнік, і ён раніцай будзе ўжо дома. Я была сярод людзей, проста на вуліцы. Гэтая навіна настолькі мяне ўзрушыла, я адчула такую радасную зьбянтэжанасьць, ня ведаю нават як выказацца – бязьмежнае шчасьце. На маім месцы тое ж самае сказала б любая жанчына, любая сям'я.
Соўсь: Калі Андрэй Клімаў прыяжджае ў Менск?
Клімава: Ён прыедзе ў Менск заўтра цягніком а 5.40 раніцы, мы ўсе зьбіраемся яго сустракаць, хто хоча – хай далучаецца, хоць гэта і раньняя гадзіна, але я думаю, што жадаючых будзе шмат.
Соўсь: Як Вы лічыце, чым выкліканае датэрміновае вызваленьне Вашага мужа Андрэя Клімава?
Клімава: Ведаеце, я яго чакаю кожны дзень ужо тры тыдні, з таго часу, калі пачаўся этап паступовага вызваленьня палітвязьняў. Таму што былі ўсе падставы, каб яго вызваліць. Але ў апошні тыдзень я згубіла ўсякую надзею – у сувязі з выступам прэзыдэнта перад студэнтамі БДУ, і сёньня ў Віцебску ён выказаўся таксама, што вызваленьня палітвязьняў ня будзе...
Я ня ведаю, я ўспрымаю гэта як падарунак лёсу, падарунак Бога, на які я ўжо не спадзявалася.
Соўсь: Скажыце, калі Вы апошні раз бачыліся з мужам, мелі зьвесткі пра яго?
Клімава: Я бачылася зь ім на спатканьні зь 1 па 4 сьнежня, гэта было доўгае спатканьне. Я не хачу казаць пра дрэннае, але тады ўсё было вельмі дрэнна – ён быў вельмі худы, вычарпаны, былі праблемы з адміністрацыяй, яго пазбаўлялі харчоў, прывезеных з сабою з ізалятара... Я не хачу згадваць нічога дрэннага, хай усё дрэннае застанецца ў мінулым. У апошні час я мела кантакт зь ім пасярэдніцтвам лістоў – ён пісаў звычайныя, недаўгія лісты, каб яны хутчэй праходзілі цэнзуру, там ён апісваў, што адбываецца. Часам выказваў просьбы, што даслаць, на якое выданьне падпісаць...
Соўсь: Вы ўжо напэўна прыдумалі, чым сустрэнеце яго дома, штосьці гатуеце?
Клімава: Я пляную накарміць яго звычайным, ягоным любімым сьняданкам – "Аўсянка, сэр!".