Паводле зьвестак, Андрэю Клімаву зьмянілі меру стрыманьня на “хімію” і пад канвоем адправілі ў Менск. Вызваленьне Клімава пакуль не пацьвярджае прэсавая служба МУС.
“Мне пра гэта нічога невядома”, – сказаў прадстаўнік прэсавай службы Алег Сьлепчанка. Кіраўнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Валер Яромкін таксама адмовіўся па тэлефоне паведаміць, ці вызвалілі палітвязьня.
Між тым, пра тое, што Андрэй Клімаў ужо на волі, кажуць ягоныя жонка і маці. Ім пра вызваленьне палітвязьня паведаміў актывіст Цімафей Дранчук.
“Мала інфармацыі. Пакуль толькі тое, што сёньня яму зьмянілі пакараньне, пакуль невядома, на якое. Мяркую, што, мабыць, на “хімію” ў Менску, бо на вакзал яго даставілі пад вартай і пасадзілі на цягнік Менск-Калінкавічы, які заўтра раніцай будзе ў Менску. Чамусьці няма ў яго магчымасьці зьвязацца, але, мяркую, бліжэйшым часам ён патэлефануе зь цягніка”.
Цімафей Дранчук сказаў, што цалкам давярае сваім крыніцам, але назваць іх ня можа.
Маці палітвязьня Ала Клімава была вельмі ўзрушаная паведамленьнем пра вызваленьне сына. Жанчына сказала, што канчаткова паверыць у гэта толькі тады, калі пабачыць яго на свае вочы.
“Вельмі расхвалявалася. Ня ведаю ніякіх падрабязнасьцяў. Добра, што пазванілі мне, новае паведамілі, бо ўсе пытаюцца. Вельмі радая, але болей скажу, калі ўбачу яго на волі”.
Нагадаем, Андрэя Клімава пакаралі на два гады зьняволеньня за артыкул ў інтэрнэце. Зь верасьня мінулага году палітыка трымалі ў Мазырскай калёніі строгага рэжыму, у якой утрымліваюць небясьпечных злачынцаў. Паводле зьвестак, стаўленьне да вязьня з боку адміністрацыі спачатку было вельмі жорсткім. У Клімава адабралі неабходныя яму паводле стану здароўя харчы. Пазьней Андрэй Клімаў перадаваў на волю, што прэтэнзіяў да адміністрацыі ня мае.
У апошніх лістах на волю Андрэй Клімаў нічога не паведамляў пра магчымае хуткае вызваленьне, казалі сваякі і сябры палітыка, якія мелі зь ім ліставаньне.