Моладзевая акцыя ў дзень сьвятога Валянціна ў Менску абышлася без затрыманьняў. У акцыі ўдзельнічалі каля паўсотні чалавек.
Маладзёны прайшлі па сталічных вуліцах, наведваючы амбасады заходнеэўрапейскіх краінаў і ЗША. Міліцыянты ў цывільным суправаджалі калёну, але ніводнага чалавека не затрымалі.
Моладзь пачала зьбірацца на плошчы Свабоды а 5 вечара. Маладзёны прыйшлі з балёнікамі чырвонага і белага колеру, нацыянальнымі сьцягамі і расьцяжкамі, на якіх было напісана “Беларусь у Эўропу!” і “Малады фронт”. Менавіта маладафронтаўцы былі асноўнымі ўдзельнікамі акцыі.
Зьміцер Дашкевіч зьвярнуўся да прысутных:
“Сабраліся, каб чарговы раз засьведчыць беларускаму грамадзтву і ўсёй цывілізаванай сусьветнай супольнасьці, што Беларусь – гэта хрысьціянская эўрапейская краіна. І наша будучыня разам з будучыняй эўрапейскай цывілізацыі”.
Спачатку дэманстранты наведалі амбасаду Францыі. Пакуль чакалі, калі дзяўчаты, што панесьлі віншаваньне, выйдуць з будынку, павіншаваць юнакоў і дзяўчат прыйшоў Аляксандар Мілінкевіч.
“Я думаю, што прыйшоў таму, што кахаю і каханы. Я вельмі шчасьлівы гэтым. Магу маладым распавесьці, што каханьне трэба берагчы, за яго трэба змагацца мірнымі мэтадамі. Увогуле, люблю гэтую акцыю, бо гэтая акцыя з такім прыгожым сэрцам, якое яны носяць ці маюць у сябе ўнутры”.
Да маладзёнаў прыйшлі таксама Іна Кулей, Людміла Гразнова, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч ды бацькі некаторых маладафронтаўцаў.
Як толькі маладзёны праскандавалі: “Беларусь да Бога!”, пайшоў сьнег. Гэта выклікала хвалю эмоцыяў. Наста Палажанка была наперадзе калёны:
“Я лічу, што гэты сьнег нясе нейкае Божае бласлаўленьне, што мы, сапраўды, ідзем Ягоным шляхам”.
Артур Фінькевіч апавёў:
“Гэта штогадовая наша акцыя. З гэтай акцыі пачынаўся “Малады фронт”. Гэта наша традыцыя. Гэта наш сьвяты абавязак. Гэтай акцыяй мы паказваем сваю любоў да Радзімы, да эўрапейскіх каштоўнасьцяў, да хрысьціянскіх, безумоўна, каштоўнасьцяў. Таму мы й выйшлі на вуліцы павіншаваць менчукоў, паказаць беларускаму грамадзтву, што мы не баімся беларускіх уладаў, што мы ў любым выпадку будзем рухацца ў Эўропу”.
Моладзь прайшла калёнай вуліцай Леніна, потым вуліцай Карла Маркса і праспэктам Незалежнасьці. Ад плошчы Перамогі прайшлі да амбасады Польшчы, а адтуль пайшлі да амбасады ЗША. Да дэманстрантаў выйшаў першы сакратар Луіс Крышак. Ён пачаставаў моладзь цукеркамі, зробленымі ў форме сэрцаў. Зьміцер Дашкевіч зьвярнуўся да яго з просьбай дапамагаць у справе вызваленьня беларускіх палітвязьняў.
Сп.Крышак адказаў:
“Дзякуй, што вы прыйшлі. Заўсёды дэмакратыя і свабода для палітвязьняў былі прыярытэтнымі для Злучаных Штатаў Амэрыкі, і будуць і надалей”.
Міліцыянты ў цывільным сачылі за хадой акцыі. Яны ішлі ў калёне моладзі, але нават не спрабавалі перашкодзіць шэсьцю. Яны яшчэ нейкі час пасьля заканчэньня акцыі суправаджалі маладзёнаў у грамадзкім транспарце, але нікога не затрымлівалі.