Сёньня судзьдзя Савецкага раёну Гомелю Юры Жораў прызнаў законным прызыў у войска Зьмітра Жалезьнічэнкі.
Пазоў у суд на неправамерныя дзеяньні прызыўной камісіі падала ад сынавага імя маці Зьмітра Ала Жалезьнічэнка. Камісія ў сьпешным парадку прызвала ў войска на тэрміновую службу яе сына, студэнта-выдатніка, паўторна адлічанага з унівэрсытэту імя Францішка Скарыны. Зьміцер меў права на адтэрміноўку. На той час ён праходзіў лячэньне ад артэрыяльнай гіпэртэнзіі. Да таго ж не пасьпеў нават абскардзіць сваё паўторнае адлічэньне з унівэрсытэту.
Юры Жораў 1 лютага сваёй пастановай прыпыніў выкананьне рашэньня Гомельскай гарадзкой прызыўной камісіі аб накіраваньні Зьмітра ў войска. Аднак пастанова судзьдзі не была выкананая.
А сёньня на судовым паседжаньні маці Жалезьнічэнкі і адвакат Пётар Барысаў даведаліся, што яшчэ 8 лютага судзьдзя адмяніў сваю ранейшую пастанову што да прыпыненьня рашэньня прызыўной камісіі. Сказаў, што гэта зроблена з прычыны новаадкрытых акалічнасьцяў. Якіх – не назваў.
Адхіліў судзьдзя Жораў і хадайніцтва аб тым, каб прыпыніць разгляд справы да вэрдыкту суду Цэнтральнага раёну адносна паўторнага адлічэньня Жалезьнічэнкі з унівэрсытэту.
Прадстаўнікі гарваенкамату ў суд не прыйшлі.
Сьведкамі на судзе выступалі толькі намесьнік начальніка аддзяленьня прызыву гарваенкамату Сяргей Самахвалаў і лекар вайсковага камісарыяту Аляксандар Астрацоў.
Спадар Самахвалаў патлумачыў, што прызыўная камісія на момант прызыву Жалезьнічэнкі нібыта ня мела мэдычнай даведкі аб артэрыяльнай гіпэртэнзіі ў прызыўніка. Пра тое ж казаў і лекар Астрацоў.
Гэта вельмі зьдзівіла маці Жалезьнічэнкі, бо сын пры ёй насіў копію даведкі ў ваенкамат.
Адхіліўшы скаргу маці салдата на дзеяньні прызыўной камісіі, судзьдзя Жораў патлумачыў, што Зьміцер Жалезьнічэнка на момант прызыву быў адлічаны, а ў прызыўной камісіі не было пацьверджаньня стану ягонага здароўя. Таму Жалезьнічэнка нібыта й ня меў права на адтэрміноўку ад службы.
Пастанову судзьдзі маці Зьмітра Жалезьнічэнкі й адвакат будуць абскарджваць у вышэйшай судовай інстанцыі.