Падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве Ўладзімір Пуцін заявіў, што ніякіх зьменаў на беларускім напрамку замежнай палітыкі пасьля 2 сакавіка не адбудзецца.
Уладзімір Пуцін заявіў, што ягоная пазыцыя ў пытаньні інтэграцыі зь Беларусьсю не памяняецца:
“Для Расеі ў міжнародных справах гэта, безумоўна, прыярытэт — будаўніцтва саюзнай дзяржавы разам зь Беларусьсю. Мы гатовыя пайсьці так далёка, як гэтага хочуць нашыя беларускія партнэры. І найперш, на маю думку, гаворка павінна ісьці пра інтэграцыю ў сфэры эканомікі”.
Прэзыдэнт Расеі таксама нагадаў, што ў якасьці адной зь першачарговых задач ставілася задача “выхаду на разьлікі ў расейскіх рублях у якасьці адзінай валюты”. Паводле Ўладзіміра Пуціна, сёньня расейская фінансавая сыстэма стабільная як ніколі, і гэта можа прынесьці для беларускай эканомікі і грамадзянаў толькі пазытыўнае.
“Але, паўтараю, гэта магчыма зрабіць толькі ў тым выпадку, калі нашы беларускія партнэры гэтага хочуць. Мы тут навязваць нічога не зьбіраемся”.
Паводле Ўладзіміра Пуціна, трэба зрабіць яшчэ нямала — уніфікаваць мытныя тарыфы. Маўляў, належыць стварыць такія ўмовы, пры якіх ня будзе ўзаемных перасьцярог у зьвязку з тым, што то ў Маскве, то ў Менску прымаюцца няўзгодненыя рашэньні ў сфэры эканомікі.
“Наагул, тут ёсьць над чым працаваць. Мы будзем дзейнічаць у гэтым кірунку. Ніякіх зьменаў на беларускім напрамку зьнешняй палітыкі пасьля 2 сакавіка, упэўнены, не адбудзецца”.
Яны ставяць умовы і кажуць нам пра тое, каб Беларусь увайшла ў склад Расеі на правах аўтаномнай рэспублікі альбо губэрні. Мы гэта разумеем інакш.
С.Касьцян
С.Касьцян
Намесьнік камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Сяргей Касьцян заявіў:
“Яшчэ пяць гадоў таму прэзыдэнт Беларусі сказаў, што мы гатовыя пайсьці па шляху да ўтварэньня саюзнай дзяржавы так далёка, наколькі могуць пайсьці кіраўнікі Расеі. І калі мы пра гэта казалі, мы мелі на ўвазе зусім ня тое, што маюць на ўвазе кіраўнікі Расеі. Яны ставяць умовы і кажуць нам пра тое, каб Беларусь увайшла ў склад Расеі на правах аўтаномнай рэспублікі альбо губэрні. Мы гэта разумеем інакш”.
Паводле палітоляга Андрэя Фёдарава, заява расейскага прэзыдэнта пацьвярджае прагнозы пра далейшы ціск з боку Расеі ў напрамку да інкарпарацыі Беларусі.
“Цяпер гэта, можа, у меншай ступені будзе ў палітычным сэнсе. Але што гэта ідзе і будзе ісьці ў эканамічным сэнсе — мы атрымалі лішняе пацьверджаньне. Гэта працяг таго, што мы назіраем апошнім часам. Усе гэтыя эканамічныя прэфэрэнцыі, якія нам зноў пачалі даваць у выглядзе таннага газу і вялікіх крэдытаў, даволі льготных, — усё сьведчыць пра тое, што Расея жадае прыцягнуць да сябе Беларусь. Перш за ўсё эканамічна. Ну, а палітычна — само потым зваліцца ў рукі”.