Лідэр незарэгістраванага руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч сёньня сустрэўся зь Мірэй Мюсо, амбасадаркай Францыі ў Беларусі. Францыя сёлета прадстаўляе ў Беларусі мясцовае старшынёўства Эўразьвязу.
Размова ішла пра справу Аляксандра Зьдзьвіжкова, пра абвінавачаньні супраць Андрэя Кіма, ціск на студэнтаў, на царкву “Новае жыцьцё” і яе пастара, а таксама пра перасьлед арганізатараў рэгіянальных сустрэчаў Аляксандра Мілінкевіча.
Пасьля размовы з амбасадаркай Мюсо спадар Мілінкевіч паведаміў:
“Я выклаў сваё бачаньне сытуацыі ў Беларусі, пакінуў інфармацыйныя матэрыялы, якія падрыхтаваў Камітэт у абарону рэпрэсаваных. Асабліва я падкрэсьліў, што ўсе палітычныя зьняволеныя, прынамсі Аляксандар Казулін і Андрэй Клімаў, павінны быць неадкладна вызваленыя, а палітычныя рэпрэсіі — спыненыя. Толькі тады можна будзе ацэньваць гатоўнасьць беларускіх уладаў весьці роўны і ўзаемапаважлівы дыялёг зь беларускім грамадзтвам і міжнароднай дэмакратычнай супольнасьцю”.
А 15-й гадзіне ў Аляксандра Мілінкевіча заплянавана яшчэ адна сустрэча — з амбасадаркай ЗША Карэн Ст’юарт.